Адзін з двух крэйдавых кар’ераў на ўскраіне Гродна, дзе любілі фатаграфавацца і адпачываць гараджане — Зялёнка — цалкам знік. Некалькі гадоў у яго звозілі грунт, трапляла і будаўнічае і побытавае смецце. Зараз на месцы кар’ера роўная пясчаная пляцоўка.
Фота засыпанага кар’ера апублікаваў у Facebook гродзенскі фатограф Яўген Фалееў. «Сышла эпоха», — напісалі ў каментарыях да паста.

Кар’ер паступова засыпалі з 2017 года. Як змянялася плошча вады, бачна на спадарожнікавых здымках Сінькі і Зялёнкі.




Рэкультывацыя кар’ера
Затопленыя кар’еры з народнымі назвамі Сінька і Зялёнка засталіся пасля здабычы там крэйды для Гродзенскага камбіната будаўнічых матэрыялаў. Праз крэйду вада набыла незвычайны яркі колер і прыцягвала гараджан і турыстаў. Іх глыбіня дасягала 40 м, а набрынялыя вадой берагі абвальваліся. У кар’ерах купаліся, нягледзячы на тое, што ў апошнія гады гэта было забаронена.
Рашэнне Гродзенскага гарвыканкама ад 30 красавіка 2009 года № 269 «Аб паўторным выкарыстанні адходаў будаўніцтва» дазваляла рэкультываваць мелавыя кар’еры. Але работы не праводзілі. Стымулам стаў няшчасны выпадак — у 2014 годзе на кар’ерах патанула дзяўчынка, у 2017 — падлетак. Высветлілася, што з заканчэннем распрацоўкі кар’еры не рэкультывавалі па правілах прамысловай бяспекі. Падыходы да вады павінны былі зрабіць бяспечнымі, а дно — роўным. Толькі тады іх можна было перадаваць на баланс выканкама. У Гродне ж берагі «зрабілі» палогімі толькі па дакументах.
На Зялёнку сталі актыўней звозіць грунт са будаўнічых пляцовак. Звозілі і смецце, пакуль не ўмяшаўся Камітэт дзяржкантролю.