Планы па развіццю і забудове горада агучыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Відэа з чыноўнікам з’явілася ў TikTok у канцы студзеня. У каментарах гродзенцы выказалі сваю незадаволенасць — яны лічаць, што ў Гродне шмат нявырашаных праблем. Hrodna.life вывучыў, што хвалюе гродзенцаў.
Большасць прэтэнзій гараджан датычацца камунальных пытанняў і недахопу інфраструктуры. Некаторыя праблемы не вырашаюцца гадамі.
Грандзічы забудуюць, а ў Альшанцы з’явіцца ліўнёўка: планы чыноўнікаў на горад
У TikTok-акаўнце прафсаюза Гродзенскай універсітэцкай клінікі з’явілася відэа з прэс-канферэнцыі Уладзіміра Караніка. У роліку чыноўнік заяўляе, што Гродна будзе расці «практычна ва ўсіх накірунках».
Напрыклад, Грандзічы ў напрамку мікрараёна Вясенні будуць забудоўваць і далей. Таксама плануецца пачатак будаўніцтва ў раёне Астроўскага, дзе зараз знаходзяцца закінутыя ваенныя пабудовы. Там павінен з’явіцца новы жылы раён з падоўжанай праязной дарогай.
«Хутка на суд людзей будзе вынесеная прапанова па будаўніцтве мікрараёна на ўездзе ў Панямунь. Участак, дзе паварот на Румлёўскі праспект, будзе пад асваенне і жыллёвае будаўніцтва», — распавёў Каранік.
Аднаўляюцца і работы па будаўніцтве Альшанцы. Па словах чыноўніка, на некаторых участках мікрараёна «падцягнуць інфраструктуру» — абсталююць ліўнёвую каналізацыю. На іншых участках плануюць аднавіць будаўніцтва.
Гараджане: «Пра нас нават ніхто і не думае»
У каментарах пад відэа сабраліся гродзенцы, якіх абурыла справаздача Караніка. На думку гараджан, у Гродне шмат праблем, якія не вырашаюцца гадамі. Замест гэтага мясцовыя ўлады займаюцца будаўніцтвам новага жылля, якое ў выніку пустуе.
«Пабудуйце, калі ласка, краму нармальную ў Грандзічы-4», — просіць Inna.www@.
«Зрабіце, калі ласка, паркоўку каля дома 18А вул. Пушкіна. Каля дома па вуліцы Пушкіна, які вышэй за нас — усё добра. А пра нас нават ніхто і не думае», — піша Valera.
«Падкажыце, калі ў Ласосна мост рэкаструіраваць будуць. Разам з мастом і дарогі пашырыць і адрамантаваць павінны. І яшчэ цікава, калі кальцавую новую скончаць. Мост праз Нёман ужо дакладна больш за 10 гадоў усё плануюць пабудаваць», — адзначае тритэ.
Па тэме: Да 2030 года ў Гродне павінна была з’явіцца кальцавая дарога — чаму планы зацягнуліся?
«Зрабіце, калі ласка, асвятленне па вуліцы Урублеўскага, асабліва каля дзіцячага сада 1, там ў дварах яго няма, там таксама далей школа!» — піша user753843.
«Вельмі дрэнна, што дамы лепяць, а пра стаянкі для машын забываюць», — лічыць Dima.
«Гогаля, 9. Зрабілі капрамонт, заедзьце, паглядзіце, як прыгожа. Грошы адмылі і свалілі», — распавядае Олена ветер.
«Пустуючых кватэр у горадзе дастаткова. Аднавілі бы прамысловасць. Адны крамы вакол. У савецкі час быў развіты прамысловы горад. А зараз… Некалькі заводаў пыхцяць», — выказваецца 18.
«Калі будуць будавацца спартыўныя пляцоўкі нармальныя, прычым бясплатна? Дзеці павінны хадзіць у спартзалы займацца бясплатна, усё паўсюль за грошы», — адзначае user62274.
Чытайце таксама: Што Каранік абяцаў зрабіць для развіцця рэгіёна, але так (пакуль) і не рэалізаваў