Турыстка апублікавала ў TikTok агляд на кватэру на суткі на Савецкай. Яна палічыла яе «самай атмасфернай у Гродне».

Кватэра размешчаная ў 130-гадовым доме на Савецкай, 7 — у арцы каля кавярні «Раскоша».

«Гэта як з фільма „Майстар і Маргарыта“, я сябе так адчуваю. Я Маргарыта, тут недзе кот Бегемот мусіць бегаць», — падзялілася яна сваімі адчуваннямі з падпісантамі.

Кватэра сапраўды цікавая. Частка сцен і аркі аздобленыя старой гродзенскай цэглай. У пакоях цёмная драўляная мэбля, кандэлябры, карціны, у сцяне — драўляная шафа, упрыгожаная разьбой. Камін, праўда, дэкаратыўны, а на ім — старадаўні гадзіннік. Кухня стылізаваная пад стары буфет, шырокі ложак — з ажурным падгалоўем. Санвузел у кватэры «нічога цікавага» — сучасны, з душавой кабінкай. З атмасферы таксама выбіваецца тэлевізар на сцяне.

@tuaeva_photo

эта квартира находится на улице Советская 7 в историческом здании построенном 130 лет назад для любителей старины 👌🏼

♬ оригинальный звук — tuaeva_photo

Дзяўчыну ўразіла, што пад’езд таксама зачыняецца, а на пляцоўцы стаіць столік з крэсламі. Парэнчы лесвіцы ўпрыгожаныя фігурнымі балясінамі з пазалотай.

Каментатары захапіліся кватэрай разам з аўтаркай відэа. «Амаль музей», — напісаў адзін з іх. Таксама там адзначылі, што ўсю мэблю сям’я — уладальнікі кватэры — зрабілі сваімі рукамі. Былі і тыя, хто прызнаў, што інтэр'ер «на аматара».

У кватэры два пакоі і чатыры спальныя месцы. Цана за суткі была пазначана 70 руб., але для дваіх дарослых і аднаго дзіцяці выйшла 90, падзялілася дзяўчына. «Улетку ў Брэсце аднапакаёвую хібару за 250 здымалі!!», — здзівіліся ў каментарах. На гэта адказалі, што летам і ў Гродне такія ж кошты.

«Там побач ёсць больш атмасферныя кватэры», — адзначыў адзін з каментатараў.

«А нам на вушы вешаюць што мы капец прасунутае пакаленне, а вось дамы пабудаваныя 30 гадоў таму ўжо сумна выглядаюць!((((«, — напісаў іншы.

Чытайце таксама:


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!