Навіны

У Гродне зменшылі страўнік пацыенту вагой 180 кг: аперацыя прайшла як майстар-клас

У Гродзенскай універсітэцкай клініцы правялі майстар-клас для медыкаў, часткай якога стала аперацыя па памяншэнні страўніка пацыенту з вагой 180 кг. Праз атлусценне мужчына таксама пакутаваў на апноэ — прыпыненне дыхання падчас сну.

Майстар-клас арганізавалі спецыялісты Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі. Спачатку яны прачыталі даклады на аснове практыкі для супрацоўнікаў клінікі, аспірантаў, інтэрнаў і студэнтаў ГрДМУ. Другой часткай сталі сумесныя з гродзенскімі хірургамі дзве аперацыі мінігастрашунтавання. Пацыентамі былі мужчына вагой 180 кг і жанчына вагой 120 кг. Абодва пацыенты — маладзейшыя за 40 гадоў. Урачэбны кансіліум рэкамендаваў ім мінігастрашунтаванне, бо іншыя метады зніжэння вагі апынуліся для іх неэфектыўнымі.

Мужчына праз залішнюю масу цела таксама пакутаваў на сіндром абструктыўнага апноэ сну. З гэтай прычыны пасля аперацыі ён суткі правёў у рэанімацыі. На наступны дзень мужчына прыйшоў у прытомнасць і змог самастойна сядзець у ложку. Яго выпісалі, але пакінулі пад назіраннем адмыслоўцаў.

Як гэта працуе

Мінігастрашунтаванне — адзін з метадаў барыятрычнай хірургіі, хірургічнага лячэння атлусцення. Сутнасць аперацыі заключаецца ў памяншэнні аб’ёму страўніка і выключэнні часткі тонкага кішачніка з працэсу стрававання. Гэта зніжае колькасць спажыванай ежы і памяншае ўсмоктванне пажыўных рэчываў. Такія аперацыі рэкамендуюць пацыентам з індэксам масы цела вышэй за 40 або ад 35 пры наяўнасці спадарожных захворванняў, напрыклад дыябету ці апноэ. Поспех лячэння патрабуе ад пацыента змены ладу жыцця, звычак у харчаванні і выканання ўсіх рэкамендацый лекара.

У Гродне памяншаюць страўнікі з мінулага года

Метады барыятрычнай хірургіі ў свеце прымяняюць з 1966 года. У Беларусі першыя такія аперацыі пачалі праводзіць у 2008 годзе. У Гродзенскай універсітэцкай клініцы барыятрычная хірургія з’явілася ў 2024 годзе. Гродна стаў другім горадам пасля Мінска, дзе заняліся гэтым кірункам. Часцей за ўсё тут выконваюць мінігастрашунтаванне і падоўжную рэзекцыю страўніка (фармаванне страўнікавай трубкі на 60−150 мл праз выдаленне большай часткі страўніка для змяншэння апетыту). Пры любым метадзе чалавек можа пазбавіцца ад 40−90% лішняй вагі.

Хаця такія аперацыі лічацца адносна бяспечнымі, цалкам выключыць рызыкі немагчыма. Так, летам 2024 года ў Гродне пасля барыятрычнай аперацыі памерла жанчына. У яе засталося маленькае дзіця. Публічна выпадак не каментавалі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Палац Чацвярцінскіх у Гродне набыў канчатковыя рысы — аўтэнтычны дах аднаўляць не будуць

Будынак былой камендатуры (палац Чацвярцінскіх) у парку Жылібера набыў канчатковыя рысы пасля абнаўлення. Праўда, новы…

11 красавіка 2025

«Стаміўся пераскокваць сабачак і дзетак». Веласіпедысты не могуць дамовіцца з пешаходамі ў Пышках

Гродзенцы скардзяцца, што пракаціцца на веласіпедзе ці роліках па веладарожцы ў Пышках праблематычна. Прычына ў…

11 красавіка 2025

Гродзенцы скардзяцца на вялікія чэргі да артадонтаў — у некаторых клініках няма запісу нават на 2026 год

Гродзенка Вікторыя паскардзілася ў Threads, што запісацца на прыём да мясцовых артадонтаў амаль немагчыма. Пра…

11 красавіка 2025

На журналіста з Гродна Валерыя Руселіка збіраюць «арыентыроўку». Прыйшлі да яго сталой мамы

Сілавікі прыйшлі да маці журналіста і блогера Валерыя Руселіка ўвечары 9 красавіка. Яны былі ў…

11 красавіка 2025

Гродзенцы браты Байко ўвайшлі ў ТОП-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі — але апускаюцца ўсё ніжэй

Валянцін Байко, намеснік дырэктара па развіцці «Контэ Спа», і яго брат, Дзмітрый Байко, намеснік дырэктара…

10 красавіка 2025

У красавіку ў Гродне пройдзе лакальны кававы фестываль. Колькі каштуе сэт і хто удзельнікі?

Grodno Coffee Festival пройдзе ў Гродне з 15 па 29 красавіка. У фестывалі возьмуць удзел…

10 красавіка 2025