Навіны

Былы палац апошняга караля Рэчы Паспалітай у Панямуні за паўгода патаннеў у 10 разоў

За частку былой загараднай рэзідэнцыі Станіслава Аўгуста Панятоўскага, апошняга караля Рэчы Паспалітай, просяць усяго ад 35,1 тыс. рублёў. ($ 10 тыс.). Сядзіба размешчана на вуліцы Прагулачнай 15/1. У іншай частцы будынка дагэтуль месцяцца жылыя кватэры.

Паўгода таму — у ліпені 2024 года — за памяшканні былога палаца хацелі мінімум 351 тыс. рублёў.

Прадаюць нежылую часткова мураваную частку будынка, плошчай 271,2 кв.м. Пасля 1945 года яе доўгі час займаў клуб «Сельгастэхнікі» з кіназалай і бібліятэкай.

Будынак прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Прызначэнне памяшканняў не мянялася — у ім можна размясціць культурна-асветніцкую ўстанову. Аўкцыён прызначаны на 16 студзеня 2025 года.

Хутка побач будзе мікрараён

У 2025 годзе непадалёк ад палаца збіраюцца пачаць будаўніцтва новага жылога мікрараёна. Ён паўстане паміж вуліцай Белуша і Румлёўскім праспектам. Раней там на 22 га планавалі збудаваць жытло на 2 тысячы кватэр у высотках, разбіць зялёныя зоны і паркоўкі. Будаўніцтва новага мікрараёна ў Панямуні мусіць забяспечыць жыллём 5 000 чалавек.

Былы каралеўскі палац прадаюць амаль два гады

Упершыню каралеўскую сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. У ліпені 2024 года кошт знізілі да 351 тыс. рублёў, у жніўні цану знізілі да 315 тыс. рублёў, а 17 верасня палац прадавалі ўжо за 175,5 тыс. рублёў - удвая танней, чым напачатку.

Гісторыя сядзібы апошняга караля

Сядзібу ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там размяшчалася загарадная рэзідэнцыя караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У XIX стагоддзі належала Друцкім-Любецкім, пазней Ляхніцкім. Пасля 1945 года памяшканні аддалі клубу.

Палац быў цагляны, атынкаваны, з чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Большая частка арыгінальнага будынка не захавалася. Да часткі, якая прадаецца, прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём. Там жыве некалькі сем’яў звычайных гродзенцаў.

Сядзіба ў Панямуні ў 1861−1877 гадах на малюнку Напалеона Орды. Крыніца: commons.wikimedia.com

Сядзіба стаіць на беразе Нёмана і аточана маляўнічым паркам. Недалёка ад яе знаходзіцца капліца сярэдзіны XIX стагоддзя ў стылі неаготыкі, якую перарабілі пад гараж.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Чаму ўсё ж Горадня, а не Гародня? Патлумачыў гісторык

Першая вядомая назва нашага горада - "Городенъ". Менавіта так яго называлі яшчэ ў XII стагоддзі,…

30 студзеня 2025

Квіткі ў Вільню патаннелі? Усё не так проста

Буйны агрэгатар перавозчыкаў "Атлас" абвясціў пра зніжэнне коштаў на квіткі: да канца лютага можна дабрацца…

30 студзеня 2025

На беларуска-літоўскай мяжы знайшлі тунэль кантрабандыстаў даўжынёй 25 метраў

Літоўскія памежнікі выявілі падземны ход даўжынёй 25 метраў у раёне вёскі Пашальчай, каля мяжы з…

30 студзеня 2025

Нёман хутка стане як горная рака? Эколаг патлумачыў, што адбываецца

Праз змены клімату год ад года плытчэе Нёман. Сітуацыю магла б выправіць зіма з вялікай…

30 студзеня 2025

Стала вядома, хто купіў палац у Панямуні - пераможца аўкцыёну збірае грошы, каб аплаціць лот

Пераможцам аўкцыёну па продажы будынка былой каралеўскай сядзібы Панямунь стала царква «Слова Божае» хрысціян веры…

29 студзеня 2025

У Гродне шукаюць інвестараў, якія забудуюць Вялікую Траецкую

Участкі на Вялікай Траецкай, якія ў мінулым адносіліся да гістарычнага раёна Школьны двор, плануюць выставіць…

29 студзеня 2025