Начальніка абаротнага лакаматыўнага дэпо Гродна Аляксандра Бут-Гусаіма судзілі за атрыманне хабару (ч. 3 арт. 430 КК Рэспублікі Беларусь). Ён падаў апеляцыю, але вынік пакуль невядомы. Справа не абышлося без кантрабанды.
Бут-Гусаіма затрымалі амаль год таму, тады ж завялі крымінальную справу, паведамляе «Сообщество железнодорожников Беларуси». Судовае паседжанне адбылося толькі 13 лістапада 2024 года ў Гродзенскім раённым судзе. А ўжо 19 снежня 2024 года было прызначана другое пасяджэнне — паводле апеляцыйнай скаргі Бут-Гусаіма. Якім было рашэнне першага суда, пакуль невядома. Частка 3 артыкула 430 прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў, са штрафам ці без яго.
Нягледзячы на суды, на афіцыйным сайце Аляксандр Бут-Гусаім дагэтуль значыцца як начальнік абаротнага дэпо Гродна.
Чытайце таксама: На «Гродна Азоце» ў вагонах на Літву знайшлі партыю кантрабандных цыгарэт
Адкуль вялікая карупцыя ў маленькім дэпо
Гродзенскае лакаматыўнае дэпо невялікае, уваходзіць у структуру і падпарадкоўваецца лакаматыўнаму дэпо ў Ваўкавыску Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі.
Па звестках чыгуначнікаў, лакаматыўныя брыгады возяць кантрабандныя цыгарэты ў лакаматывах для грузавых перавозак праз міждзяржаўны стыкавы пункт Брузгі - Кузніца. Для перавозкі пачкаў і блокаў кантрабандных цыгарэт выкарыстоўваюць разнастайныя тэхналагічныя паражніны цеплавозаў, каналы паветраводаў сістэм астуджэння і забору паветра, вентыляцыі, паражніны ў раме і пад падлогай кузава.
У вядзенні дэпо знаходзіцца не толькі гэты ўчастак, таму складанне раскладу і допуск асобных машыністаў (лакаматыўных брыгад) да паездак за мяжу не абыходзіўся без хабараў. Такім чынам частка машыністаў ездзіла толькі (ці ў асноўным) у Польшчу, а іншая частка працавала на астатніх участках абслугоўвання без перасячэння межаў Беларусі.
Кантрабанду вязуць у абодва бакі. Так, у жніўні 2024 года ў Гродне судзілі памочніка машыніста цеплавоза цягніка, які вяртаўся з Польшчы праз рэспубліканскі пункт мытнага афармлення «Брузгі-1». У шахце халадзільніка лакаматыва знайшлі кантрабанду вагой больш за 80 кг і коштам больш за € 5 тыс. Мужчына атрымаў штраф у 20 базавых велічыняў (800 рублёў), тавар канфіскавалі.
Карупцыя на Беларускай чыгунцы
Праўда, такая карупцыя ёсць у розных ступенях ва ўсіх лакаматыўных дэпо, якія ажыццяўляюць перавозкі за мяжу і дзе магчымы «левы заробак» на кантрабандзе тавараў, адзначаюць чыгуначнікі.
У чэрвені 2024 года (ужо пасля затрымання Бут-Гусаіма) афіцыйны прадстаўнік МУС Беларусі расказаў пра выкрыццё карупцыйнай схемы. Тады ж быў затрыманы першы намеснік начальніка БЧ Пётр Дулуб, намеснік генеральнага дырэктара «Белінтэртранс — транспартна-лагістычнага цэнтра Беларускай чыгункі» Павел Лушчай, былы работнік службы тэхнічнай палітыкі і інвестыцый БЧ.
Справу звязалі з затрыманнем дырэктара і ўласніка прыватнай кампаніі «Сіфуд-Сэрвіс» Віталя Петрукевіча.