У атмасферным паветры Гродна павышана колькасць фармальдэгіду, а ў Лідзе паветра чыстае — эколагі не знайшлі перавышэння нарматываў. Аб якасці атмасфернага паветра ў гарадах Беларусі адчытаўся Белгідрамет.

Прычынай падвышанага ўтрымання фармальдэгіду ў атмасферы могуць стаць выкіды транспарта і прамысловых прадпрыемстваў. Яго часціцы звыш нормы знайшлі ў паветры Гродна, Брэста, Пінска і Бабруйска.

Ліда ўвайшла ў спіс з сямі гарадоў з самым чыстым паветрам — там перавышэнні норм за 2024 год не зафіксавалі.

У Белгідрамеце адзначылі, што ў большасці гарадоў абстаноўка добрая. Паказчык ацэньваўся як «вельмі добры», «добры» і «ўмераны». Доля перыядаў з «здавальняючым», «дрэнным» і «небяспечным» узроўнямі была нязначнай. Часцей за ўсё яны назіраліся ў штыль, пры слабым ветры, падвышаным тэмпературным рэжыме і працяглай адсутнасці ападкаў.

Пры гэтым паветра ў Гродне ў 2023 годзе было чысцей, чым у іншых абласных цэнтрах Беларусі. Сярэднегадавы ўзровень цвёрдых часціц у гродзенскім паветры быў у шмат разоў меншы за паказчыкі любога іншага абласнога цэнтра.