Людзі і справы

Рэканструкцыя гасцініц, будаўніцтва ФАК і набыццё слана. Што Каранік абяцаў зрабіць для развіцця рэгіёна, але так (пакуль) і не рэалізаваў

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік святкуе 8 студзеня свой Дзень народзін — чыноўніку споўнілася 52 гады. Hrodna.life сабраў абяцанні Караніка па развіцці горада і вобласці, якія пакуль так і не ўвасобіліся ў жыццё.

2020 год: уключэнне вакцыны ад ВПЧ у Нацыянальны каляндар прышчэпак

Займаючы пасаду міністра аховы здароўя Беларусі, Каранік падзяліўся планамі аб уключэнні вакцыны ад ВПЧ (віруса папіломы чалавека) у Нацыянальны каляндар прышчэпак.

Чыноўнік не агучваў дакладныя тэрміны, бо рашэнне аб уключэнні вакцыны ў спіс залежала ад шэрагу фактараў. Па-першае, неабходна было пралічыць кошт вакцыны. Па-другое, вызначыць, праз якія пляцоўкі гэтую вакцыну можна закупляць.

Тады Каранік адзначаў, што калі на працягу бліжэйшых месяцаў «мы атрымаем станоўчыя вынікі па абодвух напрамках, пачнём работу па ўключэнні прышчэпкі ад ВПЧ у Нацыянальны каляндар».

Праз пяць гадоў уключэнне вакцыны ў абавязковы пералік прышчэпак усё ж запланавалі. Мяркуецца, што Міністэрства аховы здароўя зробіць гэта ўжо ў 2025 годзе. Пакуль жа вакцыну можна зрабіць платна, але часта яе проста няма ў паліклініках.

2021 год: будаўніцтва ФАК у Свіслачы і распрацоўка турыстычных маршрутаў у інтэрнэце

Пасля года працы на пасадзе старшыні Гродзенскага аблвыканкама Каранік пачаў клапаціцца аб развіцці турыстычнага патэнцыялу Гродна. Тады чыноўнік адзначаў, што перыяд турыстычнага застою, выкліканага каранавірусам, трэба выкарыстоўваць для развіцця адпаведнай інфраструктуры.

Напрыклад, распрацаваць «прапанову з гатовымі маршрутамі» ў інтэрнэце, каб кожны ахвочы мог з лёгкасцю адшукаць інфармацыю аб славутасцях Гродна.

Праз чатыры гады падобныя прылады ці сайты так і не з’явіліся.

Яшчэ адно абяцанне, якое Каранік даў у 2021 годзе, тычылася рэстаўрацыі палацава-паркавага комплексу Свяцк. Тады чыноўнік адзначаў, што да лета 2021 года адкрыюць гасцінічныя нумары ў левым флігелі і завершаць працы ў бровары.

Аднак прымаць першых гасцей у Свяцку пачалі толькі ў траўні 2023. Падчас першага этапу работ паспелі добраўпарадкаваць тэрыторыю, рэканструявалі сам будынак, левы і правы флігелі, левую і правую галерэі, а таксама гараж, кузню і стайню.

Даты заканчэння ўсіх работ у комплексе пакуль невядомы.

Падчас адной з прэс-канферэнцый у Караніка цікавіліся, калі ў аграгарадку Свіслач з’явіцца кафэ для дзяцей. Гараджане скардзіліся на адсутнасць інфраструктуры для сямейнага адпачынку.

Прамога адказу аб будаўніцтве кафэ ад чыноўніка не паступіла. Затое ён адзначыў, што ў Свіслачы плануецца будаўніцтва ФАК. Праўда, па стане на 2021 крыніцы фінансавання для рэалізацыі праекта вызначаны не былі.

У выніку аб будаўніцтве ФАК стала вядома ў лютым 2024 года. Тады паведамлялася, што аб’ект з’явіцца на тэрыторыі СШ № 2. Увесці басейн у эксплуатацыю планавалі ў 2025 годзе. Праект фінансуецца гарадскім бюджэтам.

2023 год: слон для Гродзенскага заапарка

У пачатку 2023 года Каранік паабяцаў, што ў Гродна прывязуць слана і паселяць яго ў заапарку — дакладную дату чыноўнік тады не агучыў. Праз два гады жывёліна ў заапарку так і не з’явілася.

Апошні слон, які жыў у Гродзенскім заапарку, памёр у 2002 годзе. З таго часу кіраўніцтва заапарка некалькі разоў паведамляла аб намеры набыць экзатычную жывёліну, але гэтыя планы так і не рэалізаваліся.

2024 год: рэканструкцыя гродзенскіх гатэляў і Палаца тэкстыльшчыкаў

У верасні 2024 Каранік заявіў, што да канца года скончыцца рэканструкцыя гасцініцы «Беларусь», а таксама «з'явіцца больш актыўны рух па гасцініцы „Гродна“», маючы на ​​ўвазе пошук новых інвестараў.

Да пачатку 2025 года рэканструкцыю «Беларусі» так і не завяршылі. Інвестыцыямі па «Гродна» займаліся кітайскія партнёры з правінцыі Ганьсу. Па словах Караніка, тыя не адмовіліся ад праекту, але папрасілі ўвайсці ў становішча. «Кампанія аднаўляецца ад локдауна, ім трэба нарасціць фінансы для інвестыцый», — адзначаў чыноўнік у пачатку 2024. Але да сярэдзіны года гродзенскія ўлады сталі больш строгімі і паабяцалі забраць гасцініцу ў кітайцаў і перапрадаць.

Яшчэ адзін аб’ект Гродна, які мае патрэбу ў рэнавацыі - Палац тэкстыльшчыкаў. У лютым 2024 года Каранік падзяліўся, што ў перспектыве жадаў бы бачыць унутры будынка «вялікі і прыгожы Палац шлюбаў». Таксама планавалася добраўпарадкаванне паркоўкі і пад’ездаў. «Абласны бюджэт у гэтым таксама будзе ўдзельнічаць, каб ён стаў не даўгабудам, а ўпрыгожаннем цэнтра горада», — адзначаў чыноўнік.

Праз год работы па абсталяванні ў Палацы тэкстыльшчыкаў ЗАГСа так і не пачаліся.

Апошнія запісы

У гродзенскім паветры выявілі брудныя часціцы — яны з’яўляюцца з-за выкідаў прадпрыемстваў і транспарту

У атмасферным паветры Гродна павышана колькасць фармальдэгіду, а ў Лідзе паветра чыстае - эколагі не…

9 студзеня 2025

У каляндар прышчэпак Беларусі ўключылі прышчэпку ад ВПЧ

У Нацыянальны каляндар прышчэпак дадалі тры новыя вакцыны: супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) для дзяўчынак,…

9 студзеня 2025

Перад выбарамі дзяржмедыя закідваюць гродзенцаў агітацыйнымі відэа

Прысвечаныя выбарам ролікі газета "Гродзенская праўда" публікуе ў сваім Telegram-канале. Звычайна героямі агітацыйных відэа становяцца…

9 студзеня 2025

Сайт Petitions.by прызналі экстрэмісцкім. Узгадваем, як гродзенцы з дапамогай яго ўплывалі на горад

Сайт "Petitions.by зручны горад", які збіраў петыцыі ад беларусаў і накіроўваў іх чыноўнікам, унеслі ў…

9 студзеня 2025

Блогер Вадзімаці распавёў, як яго прымусілі зрабіць камінг-аўт

Камінг-аўт гродзенскага блогера і былога палітвязня Вадзіма Ермашука быў гвалтоўным. Сілавікі таемна знялі сэкс Вадзімаці…

8 студзеня 2025

У цэнтры Гродна пабудуюць закрыты квартал таунхаусаў - прадаваць кватэры пачнуць ужо ў студзені

Будаўніцтва комплексу "Роял Парк" ідзе на вуліцы Камунальнай, недалёка ад стадыёна "Нёман" і Лядовага палаца.…

8 студзеня 2025