З 1 студзеня 2025 года можна будзе перасякаць граніцу Беларусі ў пунктах пропуску на тэрыторыі Гродзенскай вобласці без аплаты мясцовага збору.

Аб гэтым паведамляецца на афіцыйным партале Гродзенскага аблвыканкама.

«Пры гэтым звяртаем увагу, што на працягу I квартала 2025 года мясцовы збор за перасячэнне транспартнымі сродкамі Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у пунктах пропуску плануецца ўвесці зноў, аб чым будзе паведамлена дадаткова»паведамляе Галоўнае фінансавае ўпраўленне Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

Брэсцкая вобласць таксама адмяняе збор. Паведамляецца, што з 1 па 31 студзеня 2025 года ў Брэсцкай вобласці часова спыняецца спагнанне мясцовага збору за перасячэнне граніцы.

Адпаведна, у названы перыяд пры перасячэнні граніцы ў пункце пропуску супрацоўнікі органаў пагранічнай службы не будуць патрабаваць прад’яўлення дакументаў, якія пацвярджаюць аплату збору.

У Гродзенскай вобласці працуюць два пункты пропуску – абодва на граніцы з Літвой: “Беняконі” і “Каменны Лог”. У Брэсцкай вобласці працуюць два пункты пропуску на мяжы з Польшчай: “Брэст” для пасажырскага транспарту і “Казловічы” для грузавога.