Аб’явы аб здачы памяшканняў у арэнду з’явіліся ў Instagram-акаўнце royal.grodno і на “Куфары”. У аб’явах паведамляецца, што памяшканні на Савецкай, 10 і Савецкай, 14 падыдуць для офісаў, паслуг ці кабінета касметалогіі, звяртае ўвагу Urban Hrodna.
Хуткі інтэрнэт і ліфт: якія перавагі прапануюць арандатарам
Уласнік адзначае выгаднае месцазнаходжанне будынка, “дзе з кожным месяцам становіцца ўсё больш цікавых устаноў, пастаянны стабільны паток новых кліентаў”.
Агульная плошча памяшканняў складае 150 кв.м., вышыня столяў – 3,5 метра. Таксама можна падзяліць памяшканні і арганізаваць асобныя ўваходы.
Памяшканні ацяпляюцца, там ёсць уласны санвузел, водазабеспячэнне. Таксама сярод выгод уласнік адзначае наяўнасць кандыцыянера, тэлефона, хуткаснага інтэрнэту і відэаназірання. У будынку ёсць ліфт, а на тэрыторыі побач – паркоўка.
Уласніка для былой адміністрацыі шукалі амаль тры гады
Будынак пуставаў два з паловай гады пасля таго, як адміністрацыя Ленінскага раёна пераехала на новы адрас – Лермантава, 2.
Яго выстаўлялі на аўкцыён некалькі разоў. Стартавая сума лота складала 8,5 млн руб. Але нават пры ўмове зніжэння кошту на нерухомасць пакупнік так і не знаходзіўся.
У выніку будынак пайшоў з малатка ў лістападзе 2024 года. Яго купілі за 4,9 млн руб.


