Маршрут праз усю Беларусь запусціла гродзенская фірма “Пазітыў-тур”. Шлях з Гродна ў Віцебск складзе амаль 600 км, але рабіць перасадкі не давядзецца. У тыдзень будуць курсіраваць тры такія рэйсы. Білеты можна купіць у сэрвісе-агрэгатары «Атлас».

Білет Гродна – Віцебск абыдзецца ў 65 руб.

Паездкі Гродна – Віцебск стануць даступныя ўжо 3 студзеня, паведамляюць у Telegram-канале «Атлас». 

У расклад унесены тры рэйсы на тыдзень: па пятніцах, суботах і нядзелях аўтобус будзе выязджаць з Гродна ў 14:15. Час у дарозе складзе 9 гадзін 13 хвілін.

У суботу, нядзелю і панядзелак аўтобус вяртаецца з Віцебску ў 7:10, пры гэтым час у дарозе крыху карацейшы – 9 гадзін 10 хвілін.

Маршрут не прадугледжвае перасадак. Таксама гродзенцы змогуць напрамую дабрацца да Ашмян, Смаргоні, Вілейкі, Мядзеля, Нарачы, Полацка і Наваполацка.

Кошт поўнага білета – 65 руб. Паездка з Гродна да Мядзеля абыдзецца ў 45 руб., да Нарачы – 50 руб.

У Гродзенскай вобласці ёсць яшчэ адзін працяглы маршрут

Яшчэ адзін прамы маршрут з’явіўся на ўсходзе Гродзенскай вобласці ў лістападзе. Ён напрамую звязаў Астравец і Слонім, таксама маршруткі спыняюцца ў Дзятлаве, Навагрудку, Іўі, Гальшанах і Ашмянах.