У сярэдзіне снежня гродзенцы заўважылі на небе вясёлку. Як адзначаюць спецыялісты, у зімні перыяд гэта рэдкая з’ява — павінна супадаць адразу некалькі фактараў, каб вясёлка з’явілася на небе.

Вясёлку заўважыла гродзенка Наталля Храброва. Яна падзялілася фотаздымкам у Facebook-групе «Гродна» і адзначыла, што «сёння зноў вясёлка».

У Гродне заўважылі вясёлку — для зімы гэта рэдкая з’ява 
Вясёлка ў Гродне. Фота: Наталля Храброва, Facebook-група «Гродна»

Падобную з’яву ў той жа перыяд заўважылі і ў Мінскай вобласці. Як адзначыў папулярызатар астраноміі Віктар Малышчыц, для зімы гэта нетыповая з’ява.

«Для вясёлкі неабходна, каб з неба ішлі вадкія кропелькі вады (не сняжынкі) і адначасова былі прамыя сонечныя промні. Прычым сонца павінна быць невысока. А зараз яно высока не падымаецца — 12—13 градусаў. Ці бачыў я ўзімку вясёлку? Не, ніколі. Усё ж такі вельмі рэдка дажджы ўзімку суправаджаюцца сонцам. А сёння сапраўды пры штармавым надвор'і свяціла сонца. Падобнае бывае нячаста», — патлумачыў выданню Onliner.by эксперт.

У Гродне 16 снежня таксама было штармавое надвор’е — вецер быў настолькі моцным, што паваліў некалькі святочных ёлак. У сваю чаргу сіноптыкі папярэджвалі аб неспрыяльных умовах надвор’я ў горадзе.

Звычайна ўзімку вясёлка з’яўляецца, калі ёсць яскравае сонца, моцны мароз і высокая вільготнасць.