Да навагодніх свят найстарэйшы ў краіне гродзенскі тралейбус № 187 упрыгожылі гірляндамі, лямпачкамі і падарункавымі каробкамі. На гэта звярнула ўвагу адна з гараджанак і выклала відэа ў TikTok. У каментарах беларусы адзначаюць, што рэтра-тралейбус вярнуў іх у дзяцінства. Hrodna.life даведаўся, як доўга ўпрыгожаны транспарт будзе курсіраваць па горадзе.

«Пахне як дзяцінства» і шчыміць сэрца: беларусы пра гродзенскі тралейбус

Відэа з гродзенскім рэтра-тралейбусам апублікавала карыстальніца пад нікам _arelchik. На відэа бачна, што тралейбус упрыгожаны зялёнымі гірляндамі, лямпачкамі і дэкаратыўнымі падарункавымі каробкамі. А на шкло налеплены папяровыя сняжынкі. Дзяўчына суправадзіла ролік подпісам «Такая прыгажосць».

@_arelchik Такая красота😍. #гродно#новыйгод ♬ оригинальный звук — Vasilisa

За дзень відэа набрала амаль 145 тысяч праглядаў. У каментарах беларусы адзначаюць, што гатовы ехаць у Гродна, каб убачыць рэтра-тралейбус.

«Такі старэнькі і ўтульны! Вось бы пракаціцца!» — напісала Marina.

«Вельмі прыгожа і атмасферна», — лічыць Анастасия.

«Я яго сёння ўбачыла і ўсміхалася як дзіця», — падзялілася edeshko_grodno.

«Быццам вярнуўся ў старыя часы», — распавёў _ephmeral.

«Зашчымела сэрцайка», — напісала katyusha.retro.

«Пахне як дзяцінства», — адзначае mama_bear_by.

Убачыць тралейбус можна да сярэдзіны студзеня

Упрыгожаным рэтра-тралейбус будзе курсіраваць да сярэдзіны студзеня. З-за ўмоў надвор’я навагоднюю ілюмінацыю могуць прыбраць раней.

Часцей за ўсё сустрэць тралейбус можна будзе на маршруце № 3, радзей — на маршрутах № 9 і № 11.

Чытайце таксама: Гісторыя найстарэйшага ў Беларусі тралейбуса, які да гэтага часу курсіруе па Гродне