Следчы камітэт адмовіўся пазнаёміць актывіста з матэрыяламі спецвытворчасці. Палітвязня Уладзіміра Кнігу змясцілі ў ПКТ. Палітзняволеным гродзенкам узмацняюць пакаранне. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 9 па 15 снежня.
Палітвязня Уладзіміра Кнігу змясцілі ў ПКТ
Фігуранта «справы Ціханоўскага» Уладзіміра Кнігу ўтрымліваюць у няволі чатыры гады і чатыры месяцы, з іх больш за год і тры месяцы — у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам.
Летась палітвязню дадалі яшчэ адзін год зняволення па новай крымінальнай справе і перавялі ў барысаўскую калонію № 14. Паводле інфармацыі «Вясны», там на Уладзіміра працягваюць аказваць ціск: яго змясцілі ў ПКТ і рэгулярна выпісваюць новыя парушэнні. Акрамя гэтага, яго пазбавілі перадач, спатканняў і званкоў.
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Палітра Міру» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі
Рашэнне аб ліквідацыі прыняў Гродзенскі абласны суд 21 лістапада па пазове Міністэрства юстыцыі. Суддзя — Людміла Малючок. Арганізацыя зарэгістраваная ў 2003 годзе ў Мастах.
4 жыхароў вобласці судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхароў Гродна, Ліды, Слоніма, Навагрудак.
Палітзняволенай Юліі Колас робяць больш жорсткім пакаранне
Юлію пераводзяць з хатняй хіміі ў ПУАТ. Суд «Аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу» праходзіў 10 снежня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Суддзя — Вольга Купрыянчык, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Юлія Леанідаўна Колас — былая начальніца аддзела крыміналістычных улікаў Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, падпалкоўніца юстыцыі, на момант затрымання выйшла на пенсію. За абразу прадстаўніка ўлады ёй прысудзілі 2 гады «хатняй хіміі».
Палітэмігрантцы Рэгіне Лавор на радзіме хочуць узмацніць пакаранне
Суд «Аб замене абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу» прайшоў 11 снежня ў судзе Іўеўскага раёна. Суддзя — Уладзімір Радзюк, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Рэгіну асудзілі на два гады «хатняй хіміі» за абразу прадстаўніка ўлады. У 2022 годзе яе тройчы арыштоўвалі за парушэнні рэжыму. Яна пакінула Беларусь вясной 2023 года.
Новыя «экстрэмісты»
Лапка Аксана Генрыхаўна, Мендрык Кацярына Аляксандраўна, Саранчукоў Вадзім Уладзіміравіч, Грыгенча Ежы Іванавіч з Гродна 13 снежня папоўнілі спіс «экстрэмістаў».
У Смаргоні дзяўчыну аштрафавалі за танец у міліцэйскай форме для TikTok
20-гадовая жыхарка Смаргоні была затрыманая за здымку танца ў міліцэйскай куртцы і фуражцы для Tik Tok. Пра гэта паведаміў Telegram-канал, звязаны з сілавымі структурамі.
У апублікаваным сілавікамі пакаянным відэа дзяўчына патлумачыла, што зняла ролік для прыцягнення папулярнасці ў сацсетцы. На яе завялі адміністрацыйную справу, па якой быў прызначаны штраф.
Следчы камітэт адмовіўся азнаёміць актывіста з матэрыяламі спецвытворчасці
Актывіст з Гродна Сяргей Верамеенка некалькі месяцаў таму адправіў у СК просьбу азнаёміць яго з матэрыяламі спецвытворчасці - завочнай крымінальнай справы, якую распачалі ў дачыненні да яго, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».
Там яму адказалі, што згодна з новым законам адправіць гэтыя матэрыялы могуць толькі яго абаронцу. Хто ж ім стаў, не паведамляецца.
Партал s13.ru прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем
Партал s13.ru з’явіўся ў спісе экстрэмісцкіх фармаванняў 9 снежня. Зацікаўленымі асобамі праходзяць Сяргей Чабоцька і Раман Алешка, які здымаў для партала. Так вырашыў КДБ яшчэ 5 лістапада 2024 года. Трэція 15 сутак адміністрацыйнага арышту ва ўладальніка партала s13.ru Сяргея Чабоцьку мінулі 7 снежня. Ён не выйшаў на волю.
Экстрэмісцкімі прызналі сеткі праваслаўнага місіянера з Гродна
Суд Ленінскага раёна Гродна 9 снежня прызнаў экстрэмісцкімі сацсеткі Руслана Яроцкага. Гэта місіянер і біблеіст, які 10 гадоў займаецца гуманітарнымі праектамі ва Усходняй Афрыцы.
Таксама суд Ленінскага раёна Гродна 11 снежня прызнаў экстрэмісцкімі:
- Канал на Youtube «Лукашолки»,
- Акаўнт у Instagram «annafedoronok»,
- TikTok-канал «baba_gala_rulit»,
- Інтэрнэт-старонкі donatty.com/lukasholki і bysol.org/ru/private/lukasholki.
Суд Лідскага раёна 11 снежня прызнаў экстрэмісцкім TikTok-акаўнт «_nexta_live» і яго лагатып.
Блогер Вадзімаці расказаў, як яго выціснулі з Беларусі і пры чым тут Бондарава
Гродзенскі блогер і былы палітзняволены Вадзімаці (Вадзім Ермашук) расказаў у сваім Instagram, што прымусіла яго пакінуць Беларусь. Зараз ён знаходзіцца на адпачынку ў Тунісе і запісвае сторы з адказамі на пытанні сваіх падпісчыкаў.