Прастора Krikate House з’явілася ў новым гандлёва-офісным цэнтры на Вялікай Траецкай, 25. Перад адкрыццём заснавальніца брэнду Кацярына Карлацяну паведамляла, што прастора будзе «інстаграмнай». Hrodna.life даведаўся, якім атрымаўся новы шоурум.

На адкрыццё прыйшлі мясцовыя брэнды, а самай папулярнай фотазонай стала прымерачная

Адкрыццё Krikate House адбылося 8 снежня. У гонар з’яўлення шоурума Карлацяну прэзентавала новую модную калекцыю. А на мерапрыемства запрасілі мясцовых дызайнераў, блогераў і мадэляў, якія дэманстравалі адзенне Карлацяну ў Парыжы.

Прастору шоурума дызайнер хацела выканаць у стылістыцы гранд-гатэля. «Смелыя колеры, спалучэнне розных тэкстур, нечаканая клетка, якая, як аказалася, ідэальна падкрэслівае наш стыль», — распавяла ў сваім Instagram дызайнер. Як адзначалі наведвальнікі, самай папулярнай фотазонай дзякуючы добраму асвятленню сталі прымерачныя.

Стылістыка гранд-гатэль адрозніваецца характэрнай архітэктурай, экстравагантнымі інтэр'ерамі і высокім узроўнем камфорту.

Krikate House працуе штодня з 10:00 да 20:00.

Буцік адкрылі ў будынку, які ўжо атрымаў некалькі ўзнагарод

Шоурум знаходзіцца на Вялікай Траецкай, 25. Гандлёва-офісны цэнтр увялі ў эксплуатацыю нядаўна, але яшчэ на этапе рэалізацые праекта яго заўважылі на міжнародных архітэктурных конкурсах.

У чэрвені 2021 года праект атрымаў сярэбраны дыплом незалежнага архітэктурнага рэйтынгу «Залатая капітэль», дыплом ХХ рэспубліканскага конкурсу на лепшы «праект», «будаўніцтва», а таксама трапіў у шорт-ліст Міжнароднай прэміі Eurasian Prize.