У Гродзенскай вобласці амаль 1600 дружыннікаў - людзей, якія не з’яўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў, але ў вольны час сочаць за парадкам на вуліцах. Аказваецца, за такую дзейнасць прадугледжаны бонусы — як фінансавыя, так і сацыяльныя.
50 рублёў і дадатковыя дні да адпачынку
Зарплата для дружыннікаў не прадугледжана. Аднак мясцовыя органы ўлады ці кіраўнікі прадпрыемстваў могуць прызначаць пэўныя заахвочванні. Напрыклад, на адным з ваўкавыскіх прадпрыемстваў за дзяжурства плацяць 50 руб. Бонусы могуць даваць і ў выглядзе дадатковых дзён да адпачынку.
Таксама ўсе добраахвотнікі падлягаюць абавязковаму асабістаму страхаванню. Акрамя гэтага, падумваюць аб тым, каб на час дзяжурства зрабіць праезд у грамадскім транспарце для дружыннікаў бясплатным, піша «Вячэрні Гродна».
Стаць добраахвотнікам можа толькі грамадзянін Беларусі
Патрапіць у лік добраахвотнікаў атрымаецца не ў кожнага. Для гэтага трэба адпавядаць пераліку патрабаванняў. Сярод іх ёсць тры асноўныя: дружыннік павінен быць паўналетнім, мець грамадзянства Беларусі і не прыцягвацца да адказнасці на працягу года.
Таксама добраахвотнік не павінен знаходзіцца на прафілактычных уліках у нарколага і псіхіятра.
— Чалавека з вуліцы ў дружыну не возьмуць. Калі яна створана на базе канкрэтнага прадпрыемства або сельсавета, то добраахвотнік павінен быць работнікам гэтага прадпрыемства або жыхаром названага сельсавета. Рашэнне аб прыёме ў члены дружыны прымаюць органы яе кіравання, — адзначае начальнік аддзела аховы правапарадку ўпраўлення арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Павел Аўдзей.
Як распазнаць дружынніка ў натоўпе
У добраахвотнікаў ёсць спецыяльныя пасведчанні. Таксама ён мусіць паказаць пашпарт. На правай руцэ па-над адзеннем павінна быць спецыяльная чырвоная павязка, на грудзях — адметны знак. Наяўнасць усіх атрыбутаў правяраецца падчас інструктажу перад кожным дзяжурствам.
Затрымліваць парушальніка не маюць права
Паўнамоцтвы дружыннікаў абмежаваны. Напрыклад, яны не могуць затрымліваць грамадзян. Але, калі становяцца сведкамі правапарушэнняў, выклікаюць міліцыю.
Таксама добраахвотнікі разам з участковымі могуць выязджаць на выклікі ў якасці сведкаў ці панятых, наведваюць яны і пажылых людзей. Дружыннікі могуць запатрабаваць выключыць музыку, калі тая замінае суседзям ці са згоды ўласніка могуць уваходзіць у будынкі клубаў, кінатэатраў і стадыёнаў, калі там хаваецца падазраваны ці адбываецца правапарушэнне.
У межах, устаноўленых заканадаўствам, дружыннікі могуць прымяняць фізічную сілу і аказваць даўрачэбную дапамогу пацярпелым.
За 10 месяцаў 2024 года дружыннікі Гродзенскай вобласці выявілі больш за 300 правапарушэнняў і выканалі больш за 8 тыс. выхадаў.