Асуджанага на чатыры гады калоніі за агентурную дзейнасць грамадзяніна Польшчы Ежы Жывалеўскага паказалі ў прапагандысцкім фільме «Беларусь 1». На кадрах відаць, што мужчына адчувальна схуднеў.
Ежы Жывалеўскага ў фільме назвалі «кантрабандыстам». Сілавікі сцвярджаюць, што яго завербаваў у пачатку 00-х камендант Падляскага атрада памежнай варты палкоўнік Збігнеў Аўдзей. Ён папрасіў Ежы выконваць розныя даручэнні. У 2003 годзе той па просьбе польскіх сілавікоў купіў 5−6 сімкарт. За «час і бензін» яму далі грошы, пра што той напісаў распіску, падпісаўшыся «Пасейдонам». За гэта ён мог хутчэй без чаргі прайсці мяжу.
Сілавікі ж сцвярджаюць, што Жывалеўскі збіраў і перадаваў звесткі пра былых і дзейных вайскоўцаў Мінабароны і Дзяржпагранкамітэта. Доказаў і падрабязнасцяў гэтага яны не прывялі.
Суд над грамадзянінам Польшчы Ежы Жывалеўскім прайшоў 27 лютага 2023 года ў Гродзенскім абласным судзе. Паляка асудзілі па артыкуле 358−1 Крымінальнага кодэкса («Агентурная дзейнасць»). Яго затрымалі як «польскага шпіёна».
Жывалеўскі павінен выйсці на волю ў жніўні 2025 года.
Таксама ў фільме фігуруюць беларус Дзмітрый Пазнякоў і грамадзянін Польшчы Томаш Бяроза. Яны асуджаныя на 19 і 14 гадоў калоніі. Беларус — за здраду дзяржаве, паляк — за агентурную дзейнасць.