У Гродне выставілі на аўкцыён права размяшчэння нестацыянарнага аб’екта грамадскага харчавання на Леванабярэжнай. Пераможцу дастанецца амаль 100 квадратаў.
Падобна, гарадскія ўлады развіталіся з ідэяй размясціць у парку на Леванабярэжнай фудкорт са мноствам аб’ектаў - яшчэ ў 2022 на аўкцыён выстаўлялі сем пляцовак па 24,5 кв.м кожная. Зараз пад адно нестацыянарнае кафэ ў скверы аддаюць 94 кв. м. Пераможца аўкцыёну мусіць забяспечыць адпаведнасць знешняга выгляду кафэ і летняй пляцоўкі патрабаванням адпаведнага нарматыва, зацверджанага Гродзенскім гарвыканкамам.
Пачатковы кошт за права арэнды — 417,36 рублёў. Каэфіцыент попыту, ад якога залежыць кошт арэнды, у першы год усталююць 0,9, у другі - 1,5, у трэці - 3. Пры гэтым у перыяд з кастрычніка па красавік ён будзе 0,5 — пры ўмове, што ўстанова не будзе працаваць. Таксама давядзецца заплаціць 1676,48 рублёў за графічны матэрыял па акце здачы-прыёмкі выкананых работ. Аўкцыён пройдзе 17 снежня.
Кафэ — частка праекта рэканструкцыі сквера
Ажывіць Леванабярэжную ў Гродне спрабавалі з 2019 года. Тады чыноўнікі абмяркоўвалі ідэю перанесці туды ўсе фудтракі горада. Там прапаноўвалі ладзіць канцэрты і мерапрыемствы, актывісты хацелі адправіць туды пракат электрасамакатаў, была нават ідэя пабудаваць на гэтым месцы «марскі рэстаран» з грузавых кантэйнераў.
Увосень 2024 пачалі распрацоўваць перадпраектную дакументацыю для рэканструкцыі сквера. Будаўніцтва плануюць пачаць у сакавіку 2025 года. Акрамя пляцоўкі для нестацыянарнага кафэ, у скверы хочуць уладкаваць аўтапаркоўку, аглядную і краявідную пляцоўкі, велапаркоўкі, забаўляльную пляцоўку для моладзі і гульнявую для дзяцей, разбіць алеі з лавамі і ўрнамі, усталяваць асвятленне і азеляніць тэрыторыю ўстойлівым газонам і каштоўнымі пародамі зеляніны.