Студэнтаў педыятрычнага факультэта ГрДМУ адправілі на экскурсію ў гродзенскую турму з мэтай «прафілактыкі правапарушэнняў», паведамляецца на сайце ўніверсітэта. Турма лічыцца самай строгай у Беларусі. Студэнтам распавялі пра гісторыю ўстановы, а таксама пагрузілі ў нюансы турэмнага побыту.
«Камфорт» забяспечваюць двухгадзіннай прагулкай і камерай на чацвярых
Падчас экскурсіі навучэнцам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта расказалі пра асаблівасці жыцця ў турме. Напрыклад, на працягу дня зняволеным належыць двухгадзінная прагулка. «Аднак фактычна яна адбываецца на працягу гадзіны», — адзначаюць на сайце ГрДМУ.
Казалі студэнтам і пра «самыя камфартабельныя ўмовы» — пад імі маецца на ўвазе 4-мясцовая камера. Астатнія камеры турмы разлічаны на 7−8 чалавек.
Зняволеныя ў гродзенскай турме працуюць па 8 гадзін за дзень. За гэта, акрамя трохразовага харчавання, ім належаць бясплатныя цыгарэты і кнігі з бібліятэкі.
Што яшчэ студэнты даведаліся на экскурсіі
Напаўняльнасць турмы — 2 тысячы чалавек. Распарадак дня больш суровы, чым у іншай турме. Пад’ём зняволеных — у 6 раніцы. Ужо праз 10 хвілін — сняданак. Пасля гэтага зняволеныя адпраўляюцца на абавязковыя працы. Абед у 12 гадзін, пасля — ізноў адпраўка на працы. У 18 гадзін вячэра.
Няма посуду, камеры перапоўнены, а на прагулцы «не разгарнуцца»
У размове з Hrodna.life былы палітзняволены Ілля ў 2021 годзе распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме. Па словах мужчыны, рэальны побыт адрозніваецца ад таго, якім яго малююць наведвальнікам экскурсій.
Напрыклад, у камерах не было посуду і сталовых прыбораў - новапрыбылым выдаюць толькі матрац, коўдру, дзве прасціны, навалачку і жалезную кружку. Пры гэтым у камерах знаходзілася ад 8 да 12 чалавек — гэта ў 1,5 разы больш, чым трэба.
Прагулкі былі штодзённымі - звычайна зняволеных выводзілі раніцай на адну гадзіну ў дворык. Але рухацца там было складана, асабліва калі прагулка праходзіла ў маленькім дворыку 2,5 на 6 метраў. «Там 12 чалавек не разгарнуцца пахадзіць, цесна», — распавядаў Ілля.
Чытайце таксама: Як выжываюць зняволеныя ў гродзенскай турме