Навіны

Альшанку збіраюцца пашыраць — там пабудуюць новыя мікрараёны

Мікрараёны Паўднёвы-8 і Паўднёвы-10 з’явяцца на мяжы з Альшанкай і зоймуць плошчу амаль у 46 гектараў. Плануецца, што там узвядуць 27 шматкватэрных дамоў, паркінгі, два дзіцячых садка і школу. З’явяцца аб’екты грамадскага прызначэння: шэсць кафэ, дом быту і офісы. Праект забудовы выставілі на грамадскае абмеркаванне, адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце гродзенскага гарвыканкама.

Мікрараёны ўзвядуць у узгорыстай мясцовасці

Новыя мікрараёны зоймуць участак у раёне Альшанкі. З поўначы ён абмежаваны вуліцай Францішка Багушэвіча і кварталам Паўднёвы-3, з захаду — вёскай Вялікая Альшанка, з поўдня — Праектуемай вуліцай № 13 (вуліца Міндзенская), з усходу — Айчыннай вуліцай.

Тэрыторыя мікрараёнаў займае 45,93 гектараў. Рэльеф участка ўзгорысты, з самай высокай кропкай у паўночна-заходняй частцы раёна. Да захаду і поўдня рэльеф моцна паніжаецца, а перапады вышынь дасягаюць 16 метраў.

Новыя дамы змесцяць больш за 9 тыс. чалавек

Тут збіраюцца пабудаваць 27 шматкватэрных дамоў, у тым ліку два — па 18 паверхаў, астатнія — ад 8 да 10 паверхаў. Агульная колькасць кватэр — больш за 3900, у іх змогуць жыць амаль 9,3 тыс. чалавек.

Кампазіцыйная схема забудовы выканана з улікам рэльефу і ўяўляе сабой паўзамкнёную дваровую сістэму з унутранымі дварамі вольнымі ад транспарта, з «прахаднымі» уваходнымі групамі і пад’ездамі да жылых груп з вонкавага боку двароў. Максімальная колькасць парковачных месцаў вынесена па перыметры забудовы.

Схема генплана забудовы мікрараёнаў Паўднёвы-8 і Паўднёвы 10. Крыніца: grodno.gov.by
Эскізны праект забудовы мікрараёнаў Паўднёвы-8 і Паўднёвы 10. Крыніца: grodno.gov.by

Праектам таксама прадугледжаны два паркінгі па 500 месцаў, у тым ліку па пяць — з зараднымі падстанцыямі для электрамабіляў. У межах жылой забудовы запраектавана 4288 машынамесцаў.

У мікрараёне з’явяцца офісы, школа і кафэ

У новым раёне з`явяцца сацыяльныя і гандлёвыя аб’екты. Напрыклад, два дзіцячыя садкі на 335 і 230 месцаў з басейнамі, сярэдняя школа на 1020 месцаў з басейнам, а таксама крамы, агульная плошча якіх складзе 6300 кв. м. Акрамя таго, у жылым квартале будзе шэсць кафэ і рэстаран на 490 пасадачных месцаў, комплексны прыёмны пункт, дом побыту, майстэрні, грамадская прыбіральня, ЖЭС, аддзяленне сувязі, філіял банка, цырульня, аптэкі, офісы, ФАК і лазня.

Дзе можна азнаёміцца ​​з планам праекту

Праект забудовы мікрараёнаў выставілі на грамадскае абмеркаванне, якое пройдзе з 4 да 18 снежня.

Азнаёміцца ​​з праектам можна будзе з 4 па 18 снежня ў будынку ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама (пл. Тызенгаўза, 3).

Прэзентацыя праекта адбудзецца 12 снежня ў 15:00 па тым жа адрасу.

Як выказаць меркаванне па праекце

Гродзенцы могуць выказаць сваё меркаванне наконт праекта. Заўвагі і прапановы прымаюць з 4 па 18 снежня ў пісьмовай або электроннай форме з паметкай «грамадскае абмеркаванне» па наступных адрасах:

  1. Гродзенскі гарвыканкам, плошча Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна, gorisp@gorod.grodno.by.
  2. Упраўленне будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Антонія Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна, arhitektura@gorod.grodno.by.
  3. У часопісе ўліку наведвальнікаў экспазіцыі.
Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025