Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада, а таксама як змяніўся ландшафт крэйдавых кар’ераў Сінькі і Зялёнкі.

Што можна разгледзець на спадарожнікавых здымках?

На фота бачна, што каля праспекта Янкі Купалы вядзецца будоўля — гэта ўзводзяць гарадскую бальніцу, якая з’явіцца насупраць ГЦ Triniti.

Бачны і будпляцоўкі ў мікрараёне Вішнявец, звяртае ўвагу NewGrodno.by. У мікрараёне будуюць новыя гандлёвыя цэнтры і жылыя дамы.

Новыя спадарожнікавыя здымкі дазваляюць ацаніць маштаб Грандзіч — мяжа мікрараёна ўжо выйшла за праспект Аляксандра Курловіча.

Таксама бачна, як узводзіцца новая гарадская магістраль на скрыжаванні Дзяржынскага, Мясніцкай і Асфальтнай.

Дзякуючы здымкам можна ацаніць, як зменшылася колькасць вады ў крэйдавых кар’ерах Сінька і Зялёнка. Адбываецца гэта з-за таго, што кар’еры ўжо некалькі гадоў засыпаюць будаўнічым смеццем і пяском.

Па тэме: Глядзіце, як за 10 гадоў змяніўся ландшафт гродзенскіх кар’ераў

Па фота можна ацаніць маштабы будаўніцтва ў мікрараёне «Вясенні» і на Фолюшы, дзе дзеля новай забудовы зносяць ваенны гарадок.

Таксама спадарожнікавыя здымкі дазваляюць убачыць пясчаную пляцоўку на ўездзе ў Гродна па трасе М6 — пазней там з’явіцца шматфункцыянальны спартыўны комплекс.

Ля могілак «Аульс» бачныя новыя сектары некропаля, дзе восенню пачаў працу першы ў Гродне калумбарый. А побач з «Аульсам» вядуцца работы па стварэнні індустрыяльнага парка.