Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў — Брэсцкая вобласць і Мінск. Сітуацыю з абвалам турыстычнага попыту ў вобласці прааналізавала выданне «Беларусы і рынак». Hrodna.life тлумачыць, чаму ў рэальнасці сітуацыя з турыстамі значна лепш, чым падае статыстыка.

Гродзенская вобласць страціла лідарства з 2020 года

Згодна са статыстыкай Белстата, летась Гродзенская вобласць знаходзілася на чацвёртым месцы па колькасці замежных турыстаў і экскурсантаў, якія прыехалі сюды арганізавана. Ніжэй толькі Магілёўская і Мінская вобласці.

У паняцце «турыст» Белстат уключае тых, хто быў у падарожжы ў перыяд ад 24 гадзін да года або заставаўся ў Беларусі хаця б на адну ноч. «Экскурсант» паводле Белстату — чалавек, які падарожнічаў без начоўкі.

Турыстычны бум на Гродзеншчыне адбыўся ў 2019 годзе, тады вобласць наведала 125,2 тыс. арганізаваных турыстаў. Гэта быў самы вялікі паказчык па краіне.

Але ўжо ў 2020 колькасць турыстаў скарацілася амаль у шэсць разоў — у вобласць прыехала 21 тыс. арганізаваных турыстаў. У 2021 сітуацыя выглядала яшчэ горш — 0,3 тыс. наведвальнікаў.

З 2022 па 2023 назіраецца невялікі рост колькасці турыстаў — 3,3 і 5,5 тыс. адпаведна. Але дасягнуць дакавіднага ўзроўню ў Гродзенскай вобласці ўсё роўна не атрымалася.

Як лічыць Белстат і чаму турыстаў так мала?

Паводле Белстата, турыстаў у Гродне ў апошнія гады надзвычай мала. Але адначасова мясцовыя ўлады паведамляюць пра сотні тысяч турыстаў. Уся справа ў тым, як падлічвае турыстаў афіцыйная беларуская статыстыка.

Белстат у сваіх справаздачах прыводзіць лічбы па колькасці арганізаваных турыстаў. То бок людзей, якія для наведвання Беларусі скарысталіся паслугамі фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Турысты, якія прыехалі ў краіну самастойна, у статыстыку не трапляюць. Таксама Белстат не ўлічвае турыстаў, якія падчас падарожжаў карысталіся не гатэлямі, а аграсядзібамі і кватэрамі на суткі.

Такім чынам, большасць рэальных турыстаў у справаздачы Белстат не трапляе.

Па тэме: Колькі расіян прыехала ў Гродна ў 2023 годзе?

Унутраных турыстаў робіцца больш

Самі беларусы як турысты сталі ездзіць за мяжу амаль у два разы радзей у параўнанні з 2019 годам. Недахоп уражанняў яны кампенсавалі паездкамі ўнутры краіны — такі напрамак падскочыў на 60%.

Так у 2021 годзе Гродзенскую вобласць наведала 66,9 тыс. унутраных турыстаў і экскурсантаў, а ў 2022 — 78,3 тыс.

Летась у Гродзенскай вобласці годзе колькасць беларускіх турыстаў склала 83,3 тыс.

Чытайце таксама: Чаму ў Гродзенскай вобласці значна скарацілася колькасць аграсядзібаў?

Да 1 млн экскурсантаў: колькі чалавек наведалі Гродна і вобласць?

Летась хаця б з адным начлегам Гродзенскую вобласць наведалі прыкладна 600 тыс. чалавек, а колькасць экскурсантаў была больш за 1 млн.

У 2022 годзе каля 50 тыс. чалавек наведалі Гродна — траціна з іх уехалі па бязвізе. У 2021 паказчык быў меншым з-за пандэміі - 22,6 тыс. чалавек. А вось 2019 год стаў рэкордным — толькі па бязвізе вобласць наведалі 130 тыс. турыстаў.