Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 1000 базавых велічынь (40 тыс. рублёў). Адпаведная інфармацыя з’явілася ў раздзеле «спецвытворчасць» Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Актывіст жыве ў Польшчы, прысуд яму вынеслі завочна.
Чатыры крымінальныя артыкулы і штраф за абразу Лукашэнкі
Актывіста завочна асудзілі па чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 1 арт. 361−4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку) і ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі).
Штраф у памеры 1000 базавых велічынь актывісту прызначылі за абразу Лукашэнкі.
Справу Грыгенчы вёў суддзя, які трапіў у санкцыйны спіс ЕС
Справу актывіста пачалі разглядаць у Гродзенскім абласным судзе 11 лістапада — яе вёў суддзя Васіль Скок, які знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрасаюза.
Ужо 21 лістапада агучылі прысуд. «Хутка, аднак», — адрэагаваў актывіст у сваіх сацсетках.
Вясной 2024 года Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць супраць актывіста, яго маёмасць арыштавалі.
У мэтах забеспячэння выплаты штрафу суд не адмяніў арышт, накладзены на маёмасць актывіста.