Шаснаццацігадовы школьнік Арцём з Гродна стварыў бясплатны Telegram-бот, у якім можна адсочваць курсы валют і чэргі на межах — а зараз і даведвацца, як доўга чакаць заезду на пункт пропуску на мяжы з зоны чакання ў Брэсце.
Telegram-бот Minty Арцём распрацаваў у 2023 годзе. Тады ён паказваў чэргі на мяжы, курсы валют і надвор’е. З апошнім абнаўленнем у боце з’явіўся раздзел «Радар ЗО», піша «АвтоГродно». З яго дапамогай можна даведацца, колькі яшчэ аўтамабіляў наперадзе ў чарзе на выезд з зоны чакання. Для гэтага трэба ўпісаць у бот нумар сваёй машыны.
Як гэта працуе
Бот паказвае розніцу ў часе з першым аўтамабілем на выезд і кожную гадзіну дасылае апавяшчэнні з абноўленымі дадзенымі для гэтага кіроўцы. Як толькі яго аўтамабіль трапіць у першую дваццатку на выезд, абнаўленні прыходзяць яшчэ часцей. Каб адмовіцца ад абнаўленняў, трэба націснуць кнопку «Адмена адсочвання». Новы раздзел знаходзіцца ў меню «Сэрвісы». Звесткі бот бярэ з сайта «Белтаможсервиса», дзе публікуюцца даныя з чаргі ў «Зоне чакання» каля пункта пропуску «Брэст» па кожным аўтамабілі.
Пакуль раздзел працуе ў тэставым рэжыме: могуць быць памылкі, пра іх аўтар просіць яму паведамляць праз зваротную сувязь у боце. Для гэтага трэба абраць у Minty «Іншае…» — «Пакінуць водгук✏️».
Ідэю дадатка для зоны чакання хлопцу падказалі праз форму зваротнай сувязі бота. Яна яму спадабалася, і за два тыдні Арцём распрацаваў патрэбную праграму. Базавыя веды для распрацоўкі бота Арцём атрымаў у IT-школе. Цяпер ён вучыцца ў 11 класе і плануе паступаць на факультэт «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі» ГрДУ ці ў БДУІР.
Што яшчэ можа бот
Цяпер з дапамогай бота Minty можна даведацца пра:
- курс EUR да USD у рэальным часе, курсы EUR і USD у банках Беларусі і курсы Нацбанка;
- чэргі на межах з Еўрасаюзам на ўезд і на выезд, адсочванне чаргі ў пункце Брэст-Цярэспаль;
- якія зараз пробкі на дарогах;
- кошты на паліва і разлік яго кошту;
- надвор’е ў бягучы момант і прагноз надвор’я ў абласных гарадах Беларусі;
- інфармацыю па візах у краіны Шэнгена — дзе запісацца, якія патрэбны дакументы, візавыя анкеты самых папулярных краін, якія даюць візы беларусам;
- параўнанне коштаў на прадукты ў розных крамах («НайсПрайс», крыніца: infoprice.by);
- чаргу ў зоне чакання на мяжы («Радар ЗО», крыніца mon.declarant.by).
Сэрвіс актуальны
З 30 верасня ў пункце пропуску «Брэст» змяніліся правілы чакання ў чарзе. У кіроўцаў з’явілася магчымасць рэгістраваць свае транспартныя сродкі з магчымасцю выезду з зоны чакання. Зараз многія кіроўцы не стаяць у чарзе фізічна, а рэгіструюцца і вяртаюцца дадому.
Праз чэргаў на двое сутак чакання ў кастрычніку на мяжы нават з’явілася новая «паслуга». Яе выканальнікі прапануюць з’ездзіць на мяжу на машыне ўладальніка, зарэгістраваць яе ў зоне чакання, а потым вярнуць аўто гаспадару, каб ён пад’ехаў да мяжы ўжо да часу выезду.
Чытайце таксама: Прадаюць месцы, стаяць у чарзе, прывозяць тавары: 5 спосабаў заробку на «закрытых» межах