У 2025 годзе ў Гродне збіраюцца ўдвая павялічыць колькасць кветак на вуліцах — іх будзе мільён. Каб рэалізаваць гэтую ідэю, «Гродназелянбуд» мадэрнізуе цяпліцы. Даведаліся, як, — і што думаюць пра азеляненне горада самі гродзенцы.

Па новай тэхналогіі для кветак усталёўваюць спецыяльна вырабленыя трох’ярусныя стэлажы. Памянялі і асвятленне, расказалі на прадпрыемстве для БелТА. Паводле разлікаў, у адной эксперыментальнай цяпліцы плошчай 0,1 га адначасова можна будзе вырасціць каля 130 тыс. саджанцаў. На гэта спатрэбіцца каля месяца. Пасля цяпліцу зноў запоўняць гаршкамі для новых кветак.

Насенне ў гаршкі пачнуць высейваць ужо ў сярэдзіне снежня. У адкрыты грунт іх перамесцяць, калі надвор’е і тэмпература на вуліцы стане прыдатнай.

Цыбуліны цюльпанаў да 8 сакавіка ўжо высадзілі ў цяпліцах. Да Міжнароднага жаночага дня плануюць вырасціць 15−16 тыс. цюльпанаў. Пазней высадзяць яшчэ 12 тыс. цыбулін для горада.

Як зменіцца горад

У Гродне плануюць высаджваць чырвоныя, белыя, жоўтыя цюльпаны і бягоніі, пеларгоніі, аксаміткі, петуніі і іншыя кветкі. Вертыкальных кветкавых кампазіцый стане больш — акрамя тых, што ўжо былі ў сезоне 2024 года. Клумбу пад танкам да 9 траўня збіраюцца засадзіць чырвонымі цюльпанамі.

Ці патрэбныя кветкі? Што думаюць жыхары

Зрабіць, каб горад у прамым сэнсе больш квітнеў, гродзенскія чыноўнікі вырашылі пасля візіту ў Кітай — там іх уразіла колькасць кветак. Кветкавыя сцены з петуній у Гродне ў 2024 годзе зрабілі на агароджы парку Жылібера і на Старым мосце. Для рэалізацыі ідэі трэба было ўсё старанна прадумаць і пралічыць: капежны паліў, угнаенні, падбор кветак, замену іх па сезоне і шмат іншага. Часу зрабіць усё як след не хапіла, прызнаўся раней старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель. Праз моцны вецер летам кветкі на адным з бакоў моста пацярпелі і засохлі.

Каб вырашыць, ці ўпрыгожваць Стары мост кветкамі ў наступным годзе, чыноўнікі паспрабавалі сабраць зваротную сувязь праз Instagram гарвыканкама. Меркаванні гараджан раздзяліліся. Многія напісалі, што кветкавыя скрыні закрываюць від на Нёман і набярэжную з моста. Таксама адзначалі, што ходнік і так занадта вузкі, аднагадовыя кветкі і сістэма аўтапаліва каштуюць нятанна, а кветкі хутка засыхаюць. Іншыя ж каментатары падтрымалі ідэю чыноўнікаў з кветкамі на мосце і прапанавалі любавацца Нёманам у іншыя сезоны.

Колькі чалавек гадуе кветкі для гродзенцаў

У «Гродназелянбуде» працуюць крыху больш за 230 супрацоўнікаў, з іх у цяпліцах — толькі 24 чалавекі. На вуліцах цэлы год працуюць 30 чалавек, а з пачаткам цёплага перыяду да іх дабаўляюцца сезонныя работнікі.