У Гродне прадаюць саляную пячору «Брыз». За сем гадоў існавання яна так і засталася адзінай прыватнай пячорай у горадзе. Інфармацыя аб продажы гатовага бізнесу з’явілася на «Куфары».
Гатовы бізнес абыдзецца ў $ 12 тыс.
Уладальніца Таццяна Здановіч піша, што ў бізнесу сфарміравана кліенцкая база, створаны ўмовы для супрацоўнікаў і ёсць неабходнае абсталяванне.
Дазвол на працу пячоры ад санстанцыі дзейнічае да жніўня 2027 года. Памяшканне можна здаваць у субарэнду або прыстасаваць яго пад фотасесіі ці арганізацыю свят.
За гатовы бізнес просяць 40 тыс. руб. ($ 12 тыс.)
Паветра ў пячоры ідэнтычна марскому
Саляная пячора адкрылася ў верасні 2017 года на вуліцы Маставой. Падлога і сцены памяшкання пакрыты соллю, дзякуючы чаму людзі могуць дыхаць паветрам, ідэнтычным марскому.
«Брыз» працуе без накіравання ад урачоў. Сеанс доўжыцца 40 хвілін, у гэты час на фоне ўключаюць музыку або тэлевізар. Для дзяцей абсталяваны гульнявы куток — імправізаваная пясочніца з солі.
Разавае наведванне абыдзецца ў 10 руб. для дарослых і ў 5 руб. для дзяцей.