На Аўгустоўскім канале з’явіцца новы турыстычны комплекс з зонай для актыўнага адпачынку. Праект рэалізуюць у раёне вёскі Чарток, што ў двух кіламетрах ад шлюза “Дамброўка”. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце «Гроднаінвест». 

На тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнага парка “Аўгустоўскі канал” пабудуюць двухпавярховы гасцінічны комплекс на 30 нумароў. Таксама там з’явяцца ўстанова грамадскага харчавання на 50 пасадачных месцаў і поле для гульні ў гольф. Праект прадугледжвае будаўніцтва і “іншых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры”.

Інвестарам выступае гродзенская фірма “ЛагаБел”. Яна існуе з 2022 года і спецыялізуецца на прадастаўленні жылля на кароткі тэрмін. У лістападзе “ЛагаБел” зарэгістравалася ў свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест” і стала партнёрам па развіцці Аўгустоўскага канала.

Ад СЭЗ для рэзідэнтаў парка “Аўгустоўскі канал” прадугледжаны прэферэнцыі. Напрыклад, падатак на прыбытак (на працягу пяці каляндарных гадоў), падаткі на дададзеную вартасць і на нерухомасць, размешчаную на тэрыторыі парка, складаюць 0%.