Самы распаўсюджаны артыкул, які ўжываюць да работнікаў «Гродна Азот», — арт.19.11 КаАП за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў. Пра гэта распавяла вядучы спецыяліст па інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце аддзела ідэалагічнай работы ААТ «Гродна Азот» Таццяна Куратнік.

 — На жаль, дагэтуль з боку работнікаў прадпрыемства мае месца халатнасць у гэтым пытанні [выдаленні подпісаў і лайкаў — Hrodna.life], і супрацоўнікі органаў унутраных спраў знаходзяць у іх падпісках інфармацыйныя крыніцы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Зразумела, гэты факт не застаецца па-за ўвагай, незалежна ад таго, калі была ажыццёўлена падпіска: сёння, у мінулым годзе ці некалькі гадоў таму.

Ідэолаг раіць весці законапаслухмяны лад жыцця і не падпісвацца на каналы «экстрэмісцкай накіраванасці».

Таксама яна нагадала, што з 1 снежня 2023 года ўнесены змены ў пастанову Савета Міністраў № 22 «Аб прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы». Цяпер прыцягненне бацькоў да адказнасці па арт. 19.11 з’яўляецца адным з паказчыкаў. Сілавікі накіроўваюць інфармацыю ў школу або гімназію. Там праводзіцца сацыяльнае расследаванне.

Чытайце таксама: «Палітычная нестабільнасць». На «Гродна Азот» несвоечасова парамантавалі сістэму пажаратушэння