З пачатку 2024 года ў Гродне крэміравалі 140 чалавек, тады як у 2020 годзе — 66. За два месяцы работы калумбарыя на могілках «Аульс» занялі ўжо 70 ячэек. Калі месцаў не будзе хапаць, можа з’явіцца яшчэ адзін калумбарый.
У гродзенскім калумбарыі занята ўжо 6,5% ячэек
Першы ў Гродне калумбарый пабудавалі вясной 2023 года, аднак працаваць ён пачаў толькі восенню 2024. З’яўленне калумбарыя ў горадзе звязана з тым, што попыт на крэмацыю расце. За два месяцы работы аб’екта ў ім занялі больш за 70 ячэек. Пры гэтым агульная ўмяшчальнасць калумбарыя — 1088 урнаў.
— Попыт на крэмацыю ў Гродзенскай вобласці прыкметна вырас. За дзесяць месяцаў бягучага года ў Гродне і рэгіёне былі крэміраваны 140 чалавек. Для параўнання: у 2020 годзе — 66, — распавяла «Гродзенскай праўдзе» начальнік участка грамадзянскага абслугоўвання прадпрыемства «Спецаўтагаспадарка» Алена Апарцава.
Адна ячэйка абыдзецца ў 400 рублёў
Выкупіць месца пры жыцці ў гродзенскім калумбарыі нельга. Аднак сваякі памерлых могуць забраніраваць ячэйку пры ўмове, што цела ўжо пахавана. Кошт аднаго месца — 10 базавых велічынь (400 руб.).
— Каб купіць месца ў калумбарыі, сваякі нябожчыка павінны мець на руках пасведчанне аб смерці і даведку аб крэмацыі. Можна таксама забраніраваць ячэйку на будучыню. Ключавы момант — бронь прадаецца толькі да раней пахаваных. Калі адбываецца першае пахаванне, у сваякоў ёсць магчымасць набыць яшчэ тры месцы, — адзначае Апарцава.
Яна таксама дадае, што ў залежнасці ад попыту на крэмацыю будзе планавацца будаўніцтва на могілках у Аульсе яшчэ аднаго калумбарыя.
Да вырабу пліты ўрну можна пакінуць у «Аульсе»
Апарцава папярэджвае, што ўвекавечанне ў калумбарыі - працяглы працэс, які займае ад двух тыдняў да месяца. Усё з-за таго, што патрабуецца час на выраб пліты, якой будзе зачыняцца ніша.
Да моманту вырабу пліты сваякі могуць пакінуць урну на бясплатнае захоўванне ў калумбарыі.