Такую статыстыку апублікаваў Бераставіцкі райвыканкам. Згодна з падлікам чыноўнікаў, працу ў раёне шукае толькі адзін чалавек. На лічбы звярнула ўвагу «Люстэрка».
У цэнтры занятасці Бераставіцкага раёна на 1 лістапада быў зарэгістраваны толькі адзін беспрацоўны. Адначасова ў раёне ёсць 425 вакансій.
Агулам са студзеня па кастрычнік 2024 года ў службу занятасці Бераставіцкага раёна звярталіся 428 жыхароў. З 24 чалавек, якія былі зарэгістраваны як беспрацоўныя, месца працы знайшлі 16. У аплочваемых грамадскіх працах паўдзельнічала 68 чалавек. На навучанне ад цэнтра занятасці накіравалі 6 беспрацоўных.
Пры гэтым у студзені - верасні, як вынікае з дадзеных Белстата, у эканоміцы раёна было занята 6098 чалавек.
На сайце райвыканкама не ўдакладняецца, колькі чалавек у раёне шукаюць працу, не будучы афіцыйна зарэгістраванымі як беспрацоўныя.