Беларуска гатуе незвычайны сыр, знаёмый многім па кірмашах і рамесных крамах у Літве. Там яго пазіцыянуюць як нацыянальны прадукт, але насамрэч ён традыцыйны і для Беларусі.
Вольга жыве ў Любчы (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці), займаецца вырабам керамікі і хатніх сыроў. Свой яблычны сыр яна зварыла з яблык з уласнага падворку, а ў Facebook апісала працэс.
Яблычны сыр — традыцыйны дэсерт, асабліва распаўсюджаны ў Літве (найперш у рэгіёне Дзукія (Dzukija) на паўднёвым усходзе краіны) і Польшчы (Падляшша і памежныя з Літвой рэгіёны). Не мае ў складзе малочных прадуктаў, а гатуецца праз уварванне амаль да цвёрдага стану яблыкаў з прыправамі. У XIX ст. рэцэпт быў апісаны ў кнігах аўтарак з тэрыторыі сучаснай Беларусі - «Літоўскай кухарцы» В. Завадскай і «Літоўскай гаспадыні» Г. Цюндзявіцкай. У XVII ст. у Вялікім Княстве Літоўскім кухар Радзівілаў апісаў рэцэпт «сыра з цыдоніі» (айвы) з пазнакай, што гэты ж сыр можна гатаваць і з яблыкаў.
«Аснова рэцэптаў даўніх і сучасных — яблыкі і цукар (мёд). Іх трэба вытушыць да вельмі густой і шчыльнай кансістэнцыі».
У Вольгі на гэта сышло каля 6 гадзінаў, 2 кг яблыкаў і 200 г цукру. За гадзіну да сканчэння тушэння яна дадала грэцкія арэхі, карыцу, цэдру і сок лімону.
«Вытушаны сыр трэба пакласьці ў сырую марлю, зверху паставіць гнёт. Падсушваць некалькі содняў, пераварочваючы двойчы на дзень. Пасля перакласці з марлі ў пергаментную паперу і захоўваць у лядоўні».
У выніку ў жанчыны атрымалася зрабіць сыр з чырвоных яблык без дадаткаў, з жоўтых яблык з грэцкімі арэхамі і карыцай, а таксама з чырвоных і жоўтых яблыкаў з карыцай, цэдрай і сокам лімону. Таксама яна хоча паспрабаваць згатаваць салёны сыр з яблык, солі, кмену і базіліку. Новы для сябе гатунак сыру яна назвала «Стары сад» і збіраецца варыць яго ўвесь лістапад. «Яблычны сыр — калядны ласунак! Варылі яго ўвосень, некалькі месяцаў падсушвалі і падавалі на стол на Сьвяты вечар перад Божым Нараджэньнем», — піша Вольга.
Чытайце таксама: