Турыстка прыехала ў Гродна і хацела сфатаграфавацца на фоне вядомай гродзенскай фотазоны — гродзенскага ўніверсітэта, заплеценага вінаградам. Але нешта пайшло не так.
Мінчанка Ганна Мурашка разлічвала заспець Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ў ягоным харастве: восенню лісце дзявочага вінаграду на фасадзе галоўнага корпуса чырванее. Гродзенцы і прыезджыя любяць фатаграфавацца на яго фоне. Але дзяўчыне не пашчасціла. Яна прыехала 7 лістапада, і якраз за пару дзён да гэтага лісце абсыпалася ад моцнага ветру. Відэа пра сваё расчараванне яна апублікавала ў Tik-Tok.
@hanna_murashko Вот такие дела🥲#осень#Гродно#виноград#университет#рекомендации ♬ оригинальный звук — Анна Мурашко
«Так у студзені прыедзь, во здзівішся!!!», — пажартавалі ў каментарах. Каментатары патлумачылі Ганне, што яна проста спазнілася, і найлепшы час для такога фота — у кастрычніку.
Адна з дзяўчын у каментары адзначыла, што вучыцца ва ўніверсітэце трэці год, і ні разу не фатаграфавалася з вінаградам. Іншая яе падтрымала — яна скончыла ГрДУ і «нават побач не станавілася».
Гісторыя будынка і вінаграда
Дзявочы вінаград аплятае фасад галоўнага корпуса гродзенскага ўніверсітэта амаль цалкам. Ён прыцягвае фатографаў ужо шмат гадоў. Калі ён там з’явіўся, дакладна невядома — на фота пачатку ХХ стагоддзя яго няма.
Будынак на Ажэшкі ў неакласічным стылі быў пабудаваны ў 1893 годзе. Туды заехала жаночая Марыінская гімназія, дзе рыхтавалі педагогаў і хатніх настаўнікаў. У гімназіі вучыліся дзяўчынкі з багатых сем’яў. У 1915 годзе падчас Першай сусветнай вайны гімназію эвакуіравалі, а ў 1917 годзе расфарміравалі. У міжваенны час у будынку быў Гродзенскі педагагічны ліцэй. У 1940 годзе там адкрылі першы ў Заходняй Беларусі настаўніцкі інстытут, пазней пераўтвораны ў педагагічны. У 1978 годзе на яго базе адкрылі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт.