Навіны

Карціну з Гродна, напісаную 111 гадоў таму, прадавалі на аўкцыёне за € 3,5 тыс.

Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid. Яе аўтарка — віленская мастачка Луцыя Балзукевіч — вядомая таксама адзіным на Гродзеншчыне абразам «Святы Губерт».

Карціна была напісана ў 1913 г. у рэалістычнай манеры. Яе памер — 55×36 см. Матэрыялы — алей, палатно, наклеенае на кардон. На выяве адсутнічае звыклая дэкаратыўная каваная агароджа вакол помніка. Магчыма, на момант стварэння карціны агароджы яшчэ не было, а магчыма, мастачка прыбрала яе для большай выразнасці і манументальнасці твора.

Карціна «Помнік Антонію Тызенгаўзу з кафедральнага сабора ў Гродне». Крыніца: onebid.pl

Ацэначны кошт карціны быў пазначаны € 4,2−5,8 тыс. Стартавы кошт на аўкцыёне 7 лістапада вызначылі € 3,5 тыс. Гэтым разам пакупнік не знайшоўся. Але карціна належыць да спадчыны мастачкі, магчыма, яе будуць выстаўляць на продаж зноў. Творы гэтай аўтаркі з інтэр'ерамі віленскіх касцёлаў раней прадаваліся за € 3,4−5,5 тыс.

Хто такая Балзукевіч і чым яшчэ яна звязана з Гродзенскім рэгіёнам

Луцыя Балзукевіч (1887 г., Вільня — 1976 г., Люблін) — вядомая віленская мастачка. Яна паходзіла з сям'і віленскай інтэлігенцыі. Браты займаліся жывапісам і скульптурай. Луцыя вучылася ў віленскай Школе малюнка. 1907−1909 гады яна правяла ў Парыжы, пасля вярнулася ў Вільню, дзе жыла да канца Другой сусветнай вайны. Выкладала маляванне ў дзяржаўнай сярэдняй школе, была сябрам Віленскага таварыства мастакоў. У 1946 годзе пераехала ў Люблін. Там уступіла ў Таварыства польскіх мастакоў і мастацкае таварыства «Zachęta». Пры жыцці яна мела дзве персанальныя выставы ў Любліне (у 1962 і 1970 гадах). У творчасці мастачкі пераважалі партрэтныя эцюды і пейзажныя кампазіцыі, пісала краявіды Віленшчыны і інтэр'еры віленскіх касцёлаў, стварала сакральныя роспісы для шматлікіх храмаў.

Балзукевіч таксама аўтарка адзінага вядомага ў Гродзенскай вобласці абраза «Святы Губерт» (1934 г.), апекуна Гродна. Ён знаходзіцца ў касцёле ў вёсцы Новы Двор Шчучынскага раёна. Таксама гэта адзіны на Гродзеншчыне і ў Беларусі захаваны твор Луцыі Балзукевіч. «Рэдкі абраз, стылістычна звязаны з мадэрнам, і самы прыгожы сецэсійны абраз, створаны, захаваны і вядомы ў нашай краіне», — пісала пра яго мастацтвазнаўца Наталля Маліноўская-Франке.

Абраз «Святы Губерт». Крыніца: Wikimedia Commons

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу завочна асудзілі на 6 гадоў калоніі

Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…

21 лістапада 2024

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з’явіўся ў майцы «Команда Путина»

Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…

21 лістапада 2024

У Гродне з’явіўся першы 3D-экран — яго размясцілі на фасадзе Triniti

Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…

21 лістапада 2024

Белстат: Турыстаў у Гродзенскай вобласці стала менш у 20 разоў. Тлумачым, чаму насамрэч сітуацыя значна лепш

Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…

21 лістапада 2024

КДБ увёў у Гродне рэжым контртэрарыстычнай аперацыі

Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…

21 лістапада 2024

«Ледзь галаву не адрэзала». Байкеры ў лесе Гродна знайшлі пастку з дроту — у справу ўмяшалася міліцыя

Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…

20 лістапада 2024