Карціну з выявай помніка Антонію Тызенгаўзу ў гродзенскім Фарным касцёле выставілі на польскі аукцыён Onebid. Яе аўтарка — віленская мастачка Луцыя Балзукевіч — вядомая таксама адзіным на Гродзеншчыне абразам «Святы Губерт».
Карціна была напісана ў 1913 г. у рэалістычнай манеры. Яе памер — 55×36 см. Матэрыялы — алей, палатно, наклеенае на кардон. На выяве адсутнічае звыклая дэкаратыўная каваная агароджа вакол помніка. Магчыма, на момант стварэння карціны агароджы яшчэ не было, а магчыма, мастачка прыбрала яе для большай выразнасці і манументальнасці твора.
Ацэначны кошт карціны быў пазначаны € 4,2−5,8 тыс. Стартавы кошт на аўкцыёне 7 лістапада вызначылі € 3,5 тыс. Гэтым разам пакупнік не знайшоўся. Але карціна належыць да спадчыны мастачкі, магчыма, яе будуць выстаўляць на продаж зноў. Творы гэтай аўтаркі з інтэр'ерамі віленскіх касцёлаў раней прадаваліся за € 3,4−5,5 тыс.
Хто такая Балзукевіч і чым яшчэ яна звязана з Гродзенскім рэгіёнам
Луцыя Балзукевіч (1887 г., Вільня — 1976 г., Люблін) — вядомая віленская мастачка. Яна паходзіла з сям'і віленскай інтэлігенцыі. Браты займаліся жывапісам і скульптурай. Луцыя вучылася ў віленскай Школе малюнка. 1907−1909 гады яна правяла ў Парыжы, пасля вярнулася ў Вільню, дзе жыла да канца Другой сусветнай вайны. Выкладала маляванне ў дзяржаўнай сярэдняй школе, была сябрам Віленскага таварыства мастакоў. У 1946 годзе пераехала ў Люблін. Там уступіла ў Таварыства польскіх мастакоў і мастацкае таварыства «Zachęta». Пры жыцці яна мела дзве персанальныя выставы ў Любліне (у 1962 і 1970 гадах). У творчасці мастачкі пераважалі партрэтныя эцюды і пейзажныя кампазіцыі, пісала краявіды Віленшчыны і інтэр'еры віленскіх касцёлаў, стварала сакральныя роспісы для шматлікіх храмаў.
Балзукевіч таксама аўтарка адзінага вядомага ў Гродзенскай вобласці абраза «Святы Губерт» (1934 г.), апекуна Гродна. Ён знаходзіцца ў касцёле ў вёсцы Новы Двор Шчучынскага раёна. Таксама гэта адзіны на Гродзеншчыне і ў Беларусі захаваны твор Луцыі Балзукевіч. «Рэдкі абраз, стылістычна звязаны з мадэрнам, і самы прыгожы сецэсійны абраз, створаны, захаваны і вядомы ў нашай краіне», — пісала пра яго мастацтвазнаўца Наталля Маліноўская-Франке.
Чытайце таксама: