Былога намесніка дырэктара драмтэатра Дзмітрыя Чыліка абвінавацілі ў неаднаразовым атрыманні хабараў на працягу некалькіх гадоў. На падставе арт. 430 ч. 2 КК суд Ленінскага раёна прысудзіў Чыліку пяць гадоў калоніі.
Рашэнне суда: калонія і штраф 12 тыс. руб.
Суд прызнаў Дзмітрыя Чыліка вінаватым у «прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў і набыцці выгодаў маёмаснага характару».
Следства высветліла, што з верасня 2021 па люты 2024 года Чылік «неаднаразова прымаў грашовыя сродкі ў якасці хабару на агульную суму 20 830 руб», паведамляе прэс-служба Гродзенскага абласнога суда.
Былы намеснік дырэктара сваю віну прызнаў часткова. Ён добраахвотна заплаціў падатак на атрыманую суму, што суд прызнаў змякчальнай абставінай.
Дзмітрыю Чыліку прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На падставе закону аб амністыі, які падпісаў Лукашэнка 2 ліпеня 2024 года, суд скараціў тэрмін на адзін год. Таксама Чыліка пазбавілі права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на пяць гадоў. Былы намеснік дырэктара абавязаны выплаціць штраф у памеры 300 базавых велічыняў (12 тыс. руб.).
Канфіскаваныя ў Чыліка грошы — 2,5 тыс. руб. — канфіскаваны ў даход дзяржавы.
Хто такі Дзмітрый Чылік
Судзіць Чыліка пачалі ў верасні 2024 года, яго справу разглядала суддзя Алена Пятрова.
Тады дадзеныя мужчыны зніклі з сайту драмтэатра, дзе ён працаваў з 2012 года. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала вакансіі і звярнула ўвагу, што ў жніўні драмтэатр шукаў намесніка дырэктара па рабоце з гледачамі.