Анестэзіёлаг-рэаніматолаг з 3-й мінскай дзіцячай бальніцы публікавала ў Х (Twitter) пасты пра сваю нянавісць да яўрэяў, а ў Facebook – пра любоў да Гродна. У адказ на абураныя каментары ў Х яна пагражала, што данясе ўладам на каментатараў, але пасля публікацыі ў СМІ выдаліла ўсю старонку.

Абноўлена. Паводле інфармацыі “Люстэрка”, Алеся Белавус звольнілася з бальніцы ў верасні. Прычына невядомая, як і яе новае месца працы.

На старонку доктаркі Алесі Белавус у сацсетцы X звярнула ўвагу “Наша Ніва”. У пастах яна пісала, што ёй, “белабрысай славянцы больш за ўсё брыдоты робіць яўрэёныш”, пры яе “максімальнай талерантнасці” “ніхто не з’яўляецца такім вадкім чм*м як жыдзёны”. Таксама яна пісала, што яўрэі заслугоўваюць “гарэць у печах” і посціла сцягі ў падтрымку Палесціны. Допіс пра печы яна пазней выдаліла, але яго паспелі заскрыніць і дадаць ёй у каментарах.

рэаніматолаг ненавідзіць яўрэеў
Скрыншот з Х “Нашай Нівы”

Каментараты абурыліся паводзінамі доктаркі Белавус. Твіт пра “яўрэёныша” па стане на ранак 3 лістапада праглядзелі 58 тысяч чалавек, пракаментавалі — больш за 400. Усе папярэднія публікацыі ў акаўнце не былі такімі папулярнымі. У адказ на каментар “Антысемітызм – агіднае дзікунства” жанчына напісала, што “ўсяго толькі падтрымлівае антысіянізм”, а ў іншым каментары напісала: “Пайду дакладу ўладам пра зробленую працу, асобны дзякуй адкрытым не ананімным акаўнтам”.

Выпускніца гродзенскага меда і дзіцячы рэаніматолаг любіць Гродна і хоча спальваць яўрэяў у печах
Скрыншот з Х “Нашай Нівы”

У адным з каментароў затэгалі Следчы камітэт Беларусі з просьбай праверыць допісы на распальванне міжнацыянальнай варажнечы паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэксу.

Старонка доктаркі ў сацсетцы Х цяпер недаступная. Але абразлівыя каментары ў дачыненні да яе перабраліся ў яе Instagram і Facebook. Пад настальгічным пастом доктаркі пра вучобу ў Гродне ў Facebook ёй напісалі пра ролю яўрэеў у гісторыі гэтага горада. Але ў Instagram паспелі і выказаць падтрымку: “Усё дакладна напісала ў Х! не слухай хамячкоў шасцізоркавых!”.

Хто такая Алеся Белавус

Жанчына скончыла Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава і Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Працавала палатнай медсястрой у Гродзенскім абласным клінічным цэнтры “Псіхіятрыя-наркалогія“, зараз працуе анэстэзіёлагам-рэаніматолагам у 3 гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску. У сацсетках піша пра сваю любоў да працы і “маленькіх пацыентаў”. Мяркуючы па папярэдняй актыўнасці ў Х, падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і Расію, крытыкуе Святлану Ціханоўскую і часам удзельнічае ў палітычных абмеркаваннях па беларускай і ўкраінскай тэматыцы.

Чытайце таксама: Шпіталь у Карэлічах распаўсюджвае ілжэнавуковыя тэорыі: апублікаваў артыкул пра містычную сілу цнатлівасці, Гітлера і праваслаўе