Пасля негалоснай забароны на правядзенне свята ў Беларусі буйныя вечарынкі напярэдадні Дня ўсіх святых амаль не ладзяцца. Таму людзі адзначаюць Хэлоўін маленькімі кампаніямі і ў асноўным дома. Hrodna.life паглядзеў, як гродзенцы правялі самы «жудасны» дзень у 2024 годзе.
Вампіры і эльфы: у каго апраналіся гродзенцы
Папулярнымі вобразамі ў гараджан сталі вампіры з крывападцёкамі на твары, змрочныя лясныя эльфы і дэманы.
Тэматычныя мерапрыемствы падрыхтавалі і гродзенскія ўстановы. Напрыклад, у адной са школ танцаў падрыхтавалі кінапрагляд для дзяцей і падлеткаў. А ў адным з квэструмаў можна будзе схадзіць на квэст з атмасферай «цудоўна стылёвага і страшна вясёлага Хэлоўіна».
Гродзенскія ўстановы сёлета не рызыкнулі ўпрыгожваць інтэр'еры ў тэматыцы Хэлоўіна, хіба што ў некаторых кафэ з’явіліся гарбузы. Затое ў адной з кавярняў падавалі тэматычныя напоі.
Hrodna.life свядома не дае назвы ўстаноў, каб не прыцягваць лішняй увагі сілавікоў і чыноўнікаў да малога бізнесу, які падтрымаў Хэлоўін.
Гродзенцаў запалохалі настолькі, што дзеці нават не прыйшлі па цукеркі
Гродзенец Канстанцін у сваім TikTok-акаўнце пацікавіўся, чаму сёлета ніхто з дзяцей не прыйшоў па цукеркі. Мужчына да Хэлоўіна падрыхтаваўся і накупіў прысмакаў, але чаканага ажыятажу не ўбачыў. Канстанцін адзначае, што не бачыць нічога дрэннага ў тым, што дзеці прыходзяць па цукеркі, нават калі свята ў Беларусі афіцыйна не адзначаецца.
@konstantin_filkin #хэллоуин #хэллоуин2024 #гродно #беларусь #top #for #foruyou #топ #rek ♬ Halloween ・ cute horror song — PeriTune
Магчыма, адсутнасць цікавасці сярод дзяцей выклікана рассылкай у школьных бацькоўскіх чатах. Паводле інфармацыі Hrodna.life, гродзенскія выкладчыкі атрымалі заданне разаслаць бацькам паведамленні з «напамінам аб пазіцыі па святкаванні Хэлоўіна».
У паведамленнях адзначалася, што свята не з’яўляецца дзяржаўным ці народным, таму адзначаць яго ва ўстановах адукацыі «катэгарычна недапушчальна».
Настаўнікаў папрасілі пракантраляваць, каб інфармацыя аб Хэлоўіне не з’яўлялася на асабістых старонках у сацсетках, а таксама нагадалі аб неабходнасці правесці тлумачальную работу з дзецьмі.
Хэлоўін скончыўся, але чыноўнікі ніяк не супакояцца
Напярэдадні Дзядоў, якія адзначаюцца 2 лістапада, Гродзенскі гарвыканкам апублікаваў аб’яву. У ёй чыноўнікі перасцераглі індывідуальных прадпрымальнікаў ад прапаганды «нетрадыцыйнага свята».
«Да гэтага часу ў горадзе адзначаюцца выпадкі рэкламы чужога нам свята. Некаторыя крамы, кавярні працягваюць выкарыстоўваць сімвалы, атрыбуты, герояў замежнай літаратуры», — гаворыцца ў аб’яве.
Таксама кіраўнікам бізнесаў параілі пазбягаць транслявання «не ўласцівых культурных традыцый» у афармленні гандлёвых аб’ектаў і ўстаноў грамадскага харчавання.