Цяпер набыць у Гродне свежую і сушаную садавіну, гародніну, а таксама спецыі і ўсходнія прысмакі можна ў адным месцы. На вуліцы Горкага, 67 на месцы былога сэканд-хэнда адкрыўся «Фруктовы буцік». Hrodna.life паглядзеў, што там прапануюць і па якіх цэнах.

Асартымент папаўняюць кожны тыдзень

Уладальнікі крамы «Фруктовы буцік» запрашаюць пакупнікоў пагрузіцца ў атмасферу ўсходняй культуры. У асартыменце — садавіна, гародніна, насенне, арэхі і прысмакі. Ёсць і экзотыка — фейхоа (хмызняковая ягада) і пітахайя (плод кактусаў).

Як адзначаюць у Instagram крамы, асартымент абнаўляюць кожны тыдзень.

Колькі каштуюць прысмакі, садавіна і арэхі

Пакуль у наяўнасці ёсць манга — адзін плод абыдзецца ў 9,50 руб. Кілаграм хурмы каштуе 11,50 руб., а цёмны вінаград — 10.50 руб. Кілаграм ізюму з Узбекістану каштуе 21,50 руб., фундук — 42 руб., фісташкі — 56 руб. Прадаюць у «Фруктовым буціку» і арэх макадамія, які лічыцца вельмі карысным. За кілаграм гэтых арэхаў просяць 47 руб.

Ёсць у краме і ўсходнія прысмакі. Напрыклад, адзін кавалачак халвы каштуе 6 руб., хаштак (курага з арэхавым начыннем) — 10,50 руб., а натуральныя цукеркі — 12 руб.

Дзе ў Гродне купіць экзатычныя фрукты?

«Фруктовы буцік» — адно з нямногіх месцаў, дзе гродзенцы могуць сабраць паўнацэнны вегетарыянскі кошык. Да гэтага ў Гродне ў падобным фармаце спецыялізаваных магазінаў з вялікім выбарам агародніны, садавіны і спецый пачала працаваць сетка «Брокалі» (тры магазіны ў спальных раёнах горада), крама «Рэдысан» у Грандзічах і астравок «Фруд Фуд» у ТРК «Triniti». Ёсць і іншыя крамкі і павільёны, але звычайна асартымент там значна вужэйшы.