Прадстаўніка ААТ «Лідскае піва» паклікалі ў суд Лідскага раёна. Там 30 кастрычніка разглядаюць справу паводле арт. 22.8 КаАП «Cамавольнае будаўніцтва».

Вядзе працэс суддзя Аляксандр Мішураў.

У канцы мінулага года Міністэрства культуры спагнала з прадпрыемства 7 866 150 рубля і 94 капейкі праз эканамічны суд Гродзенскай вобласці. Гэта адлічэнні за прадпрымальніцкую дзейнасць, якая нібыта аказвае ўздзеянне на ахоўныя зоны аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны. Частка завода — помнік прамысловай архітэктуры XIX стагоддзя.

Пры разглядзе гэтай справы гаварылі аб стварэнні дадатковых збудаванняў на тэрыторыі завода, у тым ліку — узвядзенне бакаў, металічных трубаправодаў. Магчыма, яны і сталі прычынай актуальнага разбору.


«Лідскае піва» — піваварная кампанія, якая належыць фінскай кампаніі «Olvi». Выпускае 20 відаў піва, уключаючы крафт, а таксама ліманады, сідр, квас і ваду. У 2022 годзе на тэрыторыі завода — у тым самым гістарычным будынку, аб якім дбае Мінкульт — адкрыўся музей піваварства.

Пасля пачатку вайны ва Украіне кампанія Olvi абвясціла аб спыненні экспарту сваіх прадуктаў у Расію і выхадзе з бізнэсу ў Беларусі. Продажы «Лідскага піва» перашкодзіла тое, што прадпрыемства ўнеслі ў спіс актываў, на продаж доляй у якіх замежным уласнікам патрэбны дазвол беларускіх уладаў.