Новая кавярня Varka адкрыецца на Калючынскай, 23 (будынак апарт-гатэля Сямашкі). У меню — латэ кляновы грыльяж, грэчкавая гарбата і «смакі Радзімы» з бульбяным рафам на восень.

У Гродна Varka прыходзіць з восеньскім меню «Напоі са смакам Радзімы». У яго ўваходзіць бульбяны раф з бульбяным пюрэ ў складзе, які падаюць з чыпсамі і соллю, «Рагачоўская кава» са згушчонкай і легкай пшаніцай, «Палявы ўзвар» з рамонкам і пюрэ чорнай парэчкі, маркоўны бамбл і кісель з брусніцай. Ва ўсіх напояў са спецыяльнага меню фіксаваны аб’ём у 350 мл і адна цана 8,5 руб.

У звычайным меню, акрамя звыклых кававых пазіцый (5−8 руб.) і фільтр-кавы прапануюць аўтарскія: халвічны і сырны раф, латэ кляновы грыльяж, матчу персік-суніца і абляпіхавы напой. Калі вы не аматар кавы, можна замовіць какаву, матчу-латэ, кіндэр капучына, гарачы шакалад, грэчкавую гарбату або апельсінавы фрэш. Ёсць розныя віды гарбаты і, мяркуючы па Instagram, дастаткова вялікі выбар дэсертаў. Будуць прапановы для сняданкаў - аўсянка, блінцы, сырнікі.

Кавярня пазіцыянуе сябе як pets friendly — можаце смела заходзіць туды з гадаванцам. Для клопату аб экалогіі там могуць прыгатаваць каву навынас у ваш кубак.

Хуткае адкрыццё кавярня анансавала яшчэ ў ліпені 2024 — тады рамонт у памяшканні быў на завяршальным этапе. Нарэшце адкрыцца ў тэставым рэжыме паабяцалі 4 лістапада, але рылс пра гэта знік з профіля кавярні.

Varka — сетка кавярняў у Беларусі, якая з’явілася ў 2020 годзе і стала развівацца па сістэме франчайзінгу. Зараз адкрыта 62 кавярні з пасадкай і 200 кавярняў самаабслугоўвання ў 11 гарадах Беларусі. Кавярні працуюць у Мінску, Наваполацку, Мазыры, Калінкавічах, Слуцку, Віцебску, Гомелі, Барысаве, Лідзе, Дзяржынску. У Гродне гэта будзе першая ўстанова сеткі.