Гродзенка Яна ўпэўнена, што ў горадзе не хапае маладых і прывабных хлопцаў. Яна лічыць, што з-за ўзрастаючай канкурэнцыі некаторыя дзяўчаты нават гатовыя біцца за мужчын. Сваімі назіраннямі Яна дзеліцца ў TikTok, а ў каментарах гродзенцы падказваюць, дзе ўсё ж можна знайсці пару.
«У нас у Гродне дэфіцыт хлопцаў»
Першае відэа, прысвечанае недахопу хлопцаў у Гродне, Яна апублікавала пасля паходу ў начны клуб. Там гродзенка трапіла ў непрыемную сітуацыю, калі падышла да свайго знаёмага.
«У гэты момант адна з дзяўчат убачыла, што я з ім размаўляю. Яна падышла да мяне, піхнула і паслала на тры літары. Я, канешне, была ў шоку. Такія паводзіны для дзяўчыны непрымальныя. Так, канешне, я разумею, што ў нас дэфіцыт хлопцаў у Гродне. Але так сабе паводзіць — гэта вельмі-вельмі нізка», — падзялілася Яна.
@yanaglod02 #гродно #ночныеклубы ♬ оригинальный звук — Яна
Гісторыя гродзенкі завірусілася і за чатыры дні сабрала больш за 160 тысяч праглядаў. Таму Яне давялося запісваць другое відэа з тлумачэннем.
У Яны не было адносін амаль год, таму дзяўчына вырашыла пашукаць сабе пару. У сваёй выбарцы яна арыентавалася на хлопцаў ад 18 да 30 гадоў. Сярод спосабаў, якія выкарыстоўвала Яна — знаёмствы на вуліцы, у спартзале, а таксама з дапамогай «Дайвінчыка» (бота ў сацыяльных сетках, які прапаноўвае анкеты патэнцыйных партнёраў).
Але не атрымалася. Па словах Яны, з 1000 анкет на «Дайвінчыку» «адэкватных — ну максімум 10». «Калі пахадзіць па горадзе, вы сапраўды пераканаецеся, што дзяўчат у чатыры разы больш», — рэзюмуе гродзенка.
Кулінарыя, чытанне і камп’ютар: дзе хаваюцца гродзенцы
Маладыя гродзенцы прыадкрылі заслону таямніцы і расказалі, дзе яны хаваюцца і чаму іх так складана знайсці ў спартзале ці на вуліцы.
«На працы днём, увечар адпачываю за кампом. На выхадных з’язджаю на дачу, на прыроду, у лес, на возера катацца на веліках. Клубы і іншыя людныя месцы не люблю, на жаль. Ці на шчасце», — напісаў карыстальнік пад нікам ultralark.
«На працы, дома за камп’ютарам пасля працы і ва ўстановах, якія не так проста вызначыць», — падзяліўся pain.
«Жывём на працы. Надаем увагу сваім хобі, якія рэдка супадаюць з тым, каб быць у людных месцах. Напрыклад, кулінарыя, чытанне. П.С. Ужо жанаты», — папярэдзіў карыстальнік Лукас.
«За мяжу з’ехала большасць», — лічыць Ксенія.
Частка каментатараў параілі Яне не шукаць хлопца ў гродзенскіх клубах — на думку некаторых удзельнікаў абмеркавання, публіка там не самая прыдатная.
«Схадзіце ў драмтэатр ці тэатр лялек. Публіка спакайней, п’яных размоваў з-за хлопцаў не заўважана», — параіў Іван.
«У Грынвічы, Соха, Паляна хлопцы ўвесь час падыходзілі знаёміцца. Праходзячы ўвечары міма залы „Тытан“ заўважыла, што ў асноўным адны мужчыны былі», — падзялілася лайфхакам карыстальніца мірачка.