Амаль тры гады падпалкоўнік з Ліды эксплуатаваў жаўнераў тэрміновай службы. Афіцэр прымушаў салдат працаваць на яго дачным участку, а таксама рыхтаваць машыну да афарбоўкі. За няякасную працу ён збіваў падначаленых, паведамляе «Лідская газета».

Падпалкоўнік служыў у адной з вайсковых частак на пасадзе начальніка фізічнай падрыхтоўкі і спорту. Следствам было ўстаноўлена, што з чэрвеня 2021 года па кастрычнік 2023 года ён прымушаў тэрміновікаў працаваць на яго летніку.

У судзе афіцэр сваю віну прызнаў часткова — ён пацвердзіў, што выкарыстоўваў працу тэрміновікаў на сваім летніку, але адмаўляў, што біў іх.

Суд Лідскага раёна прызнаў мужчыну вінаватым у перавышэнні ўлады, спалучаным з гвалтам (арт. 455 КК). Афіцэра прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі і штрафу ў памеры 12 тыс. руб. Таксама яго пазбавілі звання і забаранілі займаць кіруючыя пасады тэрмінам на пяць гадоў.