Будынак Гродзенскай медыцынскай акадэміі (палац Чацвярцінскіх) канца XVIII стагоддзя пафарбавалі - у салатавы і розныя адценні жоўтага колеру.
Магчыма, такім чынам хацелі паказаць розныя перыяды існавання будынка, мяркуе аўтар канала «Спадчына», які апублікаваў фота. Так, зялёная частка, вежападобныя рызаліты — самая старая, цэнтральную частку ў жоўта-персікавай гаме прыбудавалі пазней, калі перабудоўвалі медыцынскую акадэмію пад палац. Жоўтыя атыкі на вежах з ляпнымі сцягамі - савецкага часу. Бакавыя крылы будынка зрабілі ярка-жоўтымі.
«Розныя колеры развальваюць будынак на часткі. Не вельмі зразумела, чаму ў цэнтральнай часткі і савецкіх атыкаў агульная гама, калі ўжо выбралі прынцып кожнай эпосе свой колер», — піша канал. Савецкія атыкі варта было прыбраць дзеля аднаўлення шлемападобных купалаў, якія былі на будынку раней, мяркуе аўтар. Але ні купалы, ні колішнюю балюстраду аднаўляць не сталі.
Чытайце таксама: Царкву ў Слоніме могуць пакараць за салатавыя сцены і залатыя «цыбуліны»
Хацелі зрабіць аранжарэю з дыназаўрамі
Старадаўні будынак у парку Жылібера пуставаў з 2014 года. Горад спрабаваў прадаць яго больш за 10 разоў, але няўдала. Пра намер прывесці да ладу былую медыцынскую акадэмію заяўлялі то кітайскія інвестары, то саліст «Ласкового мая» Андрэй Разін. Праўда, апошні хацеў, каб будынак яму перадалі бясплатна. Нарэшце 25 траўня 2020 года будынак купіў уласнік гродзенскага парку атракцыёнаў за 1,69 млн руб. Паводле ўмоў аўкцыёну, ён мусіў увесці будынак у эксплуатацыю не пазней, чым праз чатыры гады ад продажу — то бок вясной 2024 года.
У 2021 годзе для будынка распрацавалі праект, паводле якога там мусіла з’явіцца аранжарэя і грамадская прастора з амфітэатрам. Шкляны будынак мусіў з’явіцца каля палаца Чацвярцінскіх. У ім планавалі размясціць расліны, якія ўпамінаў у лістах стваральнік гродзенскага батанічнага сада Жан Эмануэль Жылібер, а таксама дзіцячае кафэ і парк дыназаўраў. Побач быў запланаваны ландшафтны парк і амфітэатр. Праект распрацаваў Ількер Коджахан, архітэктар з Нью-Ёрка, які ў той час жыў у Гродне. Падобна, што рэалізаваць гэты праект не змаглі.
Гістарычна ў парку Жылібера сапраўды была аранжарэя — там, дзе зараз пляцоўка з атракцыёнамі. Тады гэта была частка батанічнага саду, створанага Жыліберам.
Акадэмія, якая не адкрылася
Будынак быў узведзены ў 1775—1781 гадах для першай у Беларусі вышэйшай медыцынскай навучальнай установы, заснаванай з ініцыятывы Антонія Тызенгаўза. Медыцынская акадэмія тут так і не адкрылася, а ў канцы XVIII стагоддзя будынак перадалі князям Святаполк-Чацвярцінскіх. З сярэдзіны XIX стагоддзя палац здавалі розным арганізацыям. Да Другой сусветнай вайны будынак выкарыстоўвалі як здымнае жыллё. Пасля вайны і да 2014 года тут размяшчалася вайсковая камендатура.
Былая медыцынская акадэмія — гэта адзiн з лічаных аб’ектаў Гарадніцы Тызенгауза, якiя захаваліся да нашага часу. Зняць агароджу і ўключыць яе ў прастору парка прапаноўвалі яшчэ ў 2017 годзе.