Два дні - 31 кастрычніка і 1 лістапада — у гістарычным цэнтры Гродна будуць здымаць відэаролік пра дрыфт. Пры гэтым кожны ахвочы зможа паглядзець на кіраванне прафесіяналаў і паўдзельнічаць у фотасесіі на фоне гоначных аўтамабіляў.

Дрыфт — від спорту і тэхніка кіравання, пры якой аўтамабіль уваходзіць у кантраляваны занос, што дазваляе праходзіць павароты на высокай хуткасці, утрымліваючы машыну ў слізганні. Cтыль папулярны на аўтаспаборніцтвах і шоу, бо дэманструе майстэрства кіравання і ператварае язду ў яскравую падзею.

Здымкі будуць праходзіць каля абласнога драматычнага тэатра і на Старым мосце, на вуліцы Ажэшкі каля Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, каля Новага замка і на Вялікай Траецкай. Чыноўнікі абяцаюць мінімізаваць нязручнасці для дарожнага руху, звязаныя са здымкамі. Час і месцы абмежаванняў руху паведамяць дадаткова.

Што ўвогуле адбываецца?

Такія здымкі з 26 кастрычніка па 8 лістапада праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі: ужо былі ў Нясвіжскім і Косаўскім замках, на брэсцкім вакзале і каля Брэсцкай крэпасці, запланаваны ў Гомелі, Магілёве і Гродне. Падчас здымкаў дэманструецца мастацтва кіравання аўтамабілем на вуліцы гарадоў. Арганізатары — праект Blockchain Sports Drift, частка Blockchain Sports Ecosystem, які базуецца ў Бразіліі. Ён займаецца інтэграцыяй сучасных тэхналогій у розныя віды спорту для аналізу вынікаў і ацэнкі актыўнасці спартсменаў.

Так, Blockchain Sports Drift збірае дадзеныя і навучае мадэлі штучнага інтэлекту для дрыфту без удзелу пілота, каб дадаць відовішчнасці ў гэты від спорту. Каманда выкарыстоўвае сістэму тэхнічнага зроку Computer Vision і спецыяльныя касцюмы з датчыкамі руху. Партнёр праекту — рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій IT-кампанія X-Labs Inc. Улетку дзве каманды ад праекту Blockchain Sports Ecosystem, Blockchain Sports Drift Team і X-Labs Team упершыню прынялі ўдзел у III этапе адкрытага чэмпіянату Беларусі па дрыфтынгу «Начны дрыфт Лагойск».

Таксама Blockchain Sports Drift распрацоўвае сімулятар віртуальнай рэальнасці з выкарыстаннем нейрамарфічнага ядра і сэнсарнага строю. Апранаючы строй і запускаючы сімулятар, чалавек адчувае тое, што адчувае кіроўца на трэку. Каманда называе гэта рэвалюцыйным спосабам трэніроўкі і паглыблення ў свет дрыфту.

«У Гродне штрафануць на ўездзе»

У здымках відэароліка пра дрыфт бяруць удзел акцёры і пілоты з Беларусі, Аўстраліі, Бразіліі, Нідэрландаў, Тайланда і Японіі.

«У Гродне як звычайна на ўездзе штрафануць за язду без тэхагляду, потым адменяць уікенд, потым зноў ухваляць, а потым яшчэ штрафануць за небяспечную язду», — пажартавалі ў каментарах да анонсу здымак у акаўнце Blockchain Sports Drift.

Чытайце таксама: У гродзенскім ЦУМе з’явіцца фудкорт і авіясімулятар