Звязаны з сілавікамі Telegram-канал «Гродненские сливы» сцвярджае, што яго аўтары пагутарылі з «экспертамі» і даведаліся, чаму партал s13.ru прызналі «экстрэмісцкім». Пост перадрукавала абласная газета «Гродзенская праўда» і шэраг іншых афіцыйных каналаў. Пераказваем, пра што там гавораць.

Чаму s13.ru прызналі «экстрэмісцкім» — версія сілавікоў

«Гродненские сливы» сцвярджаюць, што s13.ru у 2020 годзе нібыта актыўна публікаваў матэрыялы апазіцыі, а ўладам і праўладным актывістам адмаўляў у публікацыі. На думку аўтараў, партал ператварыўся ў «навінавы агрэгатар прыхільнікаў пераменаў».

«Пасля таго, як улады навялі парадак і мадэрнізавалі заканадаўства s13 пастараўся максімальна зачысціць усе сляды сваёй дзейнасці ў жніўні 2020-га. Зарабляць на рэкламе трэба было працягваць, а ўласнае меркаванне і пазіцыю трэба было схаваць, да пары», — пішуць «Гродненские сливы».

У канале правялі паралель паміж s13.ru і «вельмі вядомым інтэрнэт-рэсурсам», прызнаным «тэрарыстычнай арганізацыі». Верагодна, маецца на ўвазе праект NEXTA альбо TUT.BY (апошні, праўда, прызнаны ў Беларусі толькі «экстрэмісцкай арганізацыяй»). Прычынай гэтага стала тое, што s13.ru дзяліўся позвай фондаў і ініцыятыў, якія пазней прызналі «экстрэмісцкімі».

Таксама «эксперты» папракнулі партал у «гульні з загалоўкамі»: s13.ru перадрукоўваў матэрыялы афіцыйных выданняў са змененымі загалоўкамі - нібыта праз гэта чытачы мянялі стаўленне да матэрыялаў дзяржаўнай прэсы.

Пры гэтым на самай справе s13.ru быў у апошнія гады апалітычным агрэгатарам мясцовых навін, з сайта былі выдаленыя ўсе спасылкі на крыніцы, прызнаныя «экстрэмісцкімі», ён перадрукоўваў у асноўным матэрыялы дзяржвыданняў.

Якія ў сілавікоў прэтэнзіі да ўладальніка s13.ru Сяргея Чабоцька

У канале сцвярджаюць, што да ўладальніка партала Сяргея Чабоцькі можа быць больш пытанняў, чым проста «экстрэмізм». Напрыклад, праваахоўныя органы паабяцалі разабрацца, як у s13.ru плацілі супрацоўнікам грошы і адкуль іх бралі.

У віну Чабоцьку паставілі і тое, што ён з’явіўся на фота з сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевіч на Савецкай плошчы ў Гродне. Верагодна, гэта фота 2006 года, калі Мілінкевіч быў адным з лідараў апазіцыі, кандыдатам у прэзідэнты. Сустрэчы з ім збіралі многіх гродзенцаў.

Чытайце таксама: У Гродне бацькам школьнікаў пагражаюць пастаноўкай на СНС за падпіску на s13.ru