Экс-міліцыянта з Ліды завочна асудзілі за здраду дзяржаве. Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы s13.ru, судзілі і ўладальніка партала Сяргея Чабоцьку. На сустрэчу з гродзенскім блогерам прыйшлі сілавікі. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 21 па 27 кастрычніка.
Новыя «экстрэмісты»
Слізевіч Андрэй Васільевіч з Гродзенскай вобласці папоўніў спіс «экстрэмістаў» 23 кастрычніка. А 25 кастрычніка — Дзегілевіч Мікалай Паўлавіч, Масюк Сяргей Сяргеевіч, Мазура Аляксандр Уладзіміравіч, Мухляда Антаніна Сяргееўна, Туманова Кацярына Веніямінаўна, Смірноў Раман Аляксандравіч, Крыжаноўскі Яўген Ігаравіч з Гродна, Кучынскі Дзяніс Генадзевіч з Ліды.
Новая «экстрэмісцкая» інфармацыя
Суд Лідскага раёна 22 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкім TikTok-акаўнт «mihan164».
Палітвязень Дзяніс Івашын, верагодна, зноў у ШІЗА
Паводле непацверджанай пакуль інфармацыі, палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын зноў змешчаны ў СІЗА.
«Карэспандэнцыі ад яго не было з 13 кастрычніка, таму мы лічым, што прыкладна з гэтага часу ён перабывае ў адзіночцы. Ані дакладнага часу, ані тэрміну гэтага дадатковага катаваньня мы ня ведаем, але спадзяемся, што яно як мага хутчэй скончыцца і Дзяніс напіша нам», — напісала яго жонка Вольга.
На сустрэчу з гродзенскім блогерам прыйшлі сілавікі
У Гродне на гэтым тыдні праходзіла сустрэча блогера з падпісантамі. Туды прыйшлі сілавікі ў абмундзіраванні. У блогера і некалькіх удзельнікаў мерапрыемства забралі тэлефоны. Адзін чалавек адразу ж пакінуў краіну. Блогер — на волі, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».
Ці будзе нейкае разбіральніцтва — невядома.
22 жыхары вобласці асудзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Па арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць» судзілі жыхароў Гродна, Ваўкавыска, Ашмянаў, Ліды, Зэльвы, Астраўца, Свіслачы, Воранава. Сярод іх, верагодна, настаўнік-дэфектолаг, супрацоўнік банкаўскай сферы, аптэкар.
У Гродне бацькам школьнікаў пагражаюць пастаноўкай на СНС за падпіску на s13.ru
Яшчэ да з’яўлення публічнай інфармацыі аб прызнанні партала s13.ru экстрэмісцкім у гарадскіх чатах пачалі папярэджваць аб адказнасці. У чатах гродзенскіх школ і гімназій пагражаюць пастаноўкай дзіцяці на сацыяльна небяспечнае становішча — калі бацькоў прыцягнуць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы s13.ru
Матэрыялы інтэрнэт-рэсурсу s13 прызналі экстрэмісцкімі па заяве пракурора горада Гродна. Пра гэта паведамілі ў праўладных медыя. Цяпер за рэпост, лайк у некаторых сацсетках і візуал рэсурсу паводле арт.19.11 КаАП пагражае штраф або арышт.
Уладальніка сайта s13.ru Сяргея Чабоцьку сапраўды судзілі
Працэс за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў над уладальнікам сайта s13.ru Сяргеем Чабоцькам прайшоў 25 кастрычніка. Ён з’явіўся ў раскладзе судовых пасяджэнняў.
У Гродне ліквідуюць арганізацыю «Палітра Свету»
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Палітра Свету» ліквідуюць у Гродне. Яно заснавана ў беларускім рэгіёне і прапрацавала больш за 20 гадоў. Пасяджэнне аб ліквідацыі грамадскай суполкі пройдзе 13 лістапада ў Гродзенскім абласным судзе. Істцом па справе выступае Міністэрства юстыцыі. Суддзя — Людміла Малючок.
На магіле загінулага на вайне ва Украіне гродзенца ўсталявалі помнік
На магіле гродзенца Міхаіла Шавельскага ўсталявалі помнік. У 2020-м годзе яго адлічылі з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2021 годзе хлопец з’ехаў з краіны, а ў 2022 — паехаў на вайну, каб дапамагаць украінскаму боку.
Польскі акцёр з’ездзіў у Гродна і захапіўся горадам. Чаму яго абвінавацілі ў прапагандзе?
Польскі акцёр Яраслаў Якімовіч прыехаў у Беларусь і пакінуў аб ёй захопленыя водгукі ў сваіх сацсетках. Мужчыну ўразіў асартымент у магазінах, чыстыя вуліцы і добрыя дарогі. Заехаў Якімовіч і ў Гродна. Але на некаторыя факты жыцця ў Беларусі ён закрыў вочы.
Ігумення Гаўрыіла з Гродна атрымала грамату за дапамогу расійскай арміі ў вайне ва Украіне
Настаяцельніца Гродзенскага Ражджаства-Багародзічнага стаўрапігіяльнага жаночага манастыра ігумення Гаўрыіла (Марыя Глухава) атрымала грамату ад Арміі Расіі. Ёй дзякуюць за дапамогу вайскоўцам батальёна РЭБ (падраздзяленне радыёэлектроннай барацьбы), які ўдзельнічае ў захопніцкай вайне Расіі супраць Украіны.
Экс-міліцыянта з Ліды завочна асудзілі за здраду дзяржаве
Былога міліцыянта з Ліды Юрыя Махнача завочна асудзілі за здраду дзяржаве. Паводле ч.1 арт. 356 КК яму прысудзілі 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд вынеслі 7 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе.
Гродзенскі гарвыканкам даплаціць дзяржпрэссе за публікацыі пра эканоміку
Гродзенскі гарвыканкам шукае друкаванае СМІ, якое можа стварыць і апублікаваць тэксты аб сацыяльна значных мерапрыемствах. Прэтэндаваць на тэндэр можа толькі дзяржпрэса.