Колькасць вакансій у Гродне за год вырасла ўдвая. 64% ад іх агульнай колькасці – гэта вакансіі рабочых. Рэдакцыя Hrodna.life на сайце Цэнтра занятасці вывучыла буйныя прадпрыемствы горада і паглядзела, дзе не хапае рабочых і колькі ім гатовыя плаціць.

“Гродна Азот”

На прадпрыемстве налічылі 560 вакансій. Шукаюць апаратчыкаў, слесараў, токараў, рабочых, падсобных рабочых, машыністаў. Таксама шукаюць і начальнікаў. У залежнасці ад спецыялізацыі ім гатовыя плаціць ад 800 да 2200 рублёў. Разбежкі ў зарплаце вялікія. Напрыклад, слесар аварыйна-аднаўленчых работ, як пазначана, можа атрымліваць 860-1500 рублёў.

“Гроднаэнерга”

На прадпрыемства шукаюць 201 супрацоўніка: кіроўцаў, майстроў, слесараў, электраманцёраў. Электраманцёру заплацяць 650 рублёў. Кіроўцу на 0,3 стаўкі – 187,8 рублёў. Майстру – 1350-1750 рублёў. Цікава, што тут мяняецца дырэктар — яго прызначаць з ліку работнікаў.

“Гродзенскі мясакамбінат”

Тут ёсць 75 вакансій. Акрамя слесараў і токараў, ёсць свая спецыфіка — шукаюць жылоўшчыкаў і расфасоўшчыкаў. Сярэдні заробак – 1500-1800 рублёў. Жылоўшчыку гатовыя плаціць да 2300 рублёў.

“Белкард”

196 супрацоўнікаў шукаюць на “Белкард”. Шукаюць мантажнікаў (1210-540 рублёў), зубарэзчыкаў (1100-1200 рублёў), слесараў (1100-1450), аператараў (1000-1200). Больш за іншых заробяць: зубашліфоўшчык – 3000-4000 рублёў, наладчык халоднаштамповачнага абсталявання — 1900-4500, каваль-штампоўшчык — 2500-4200 рублёў.

“Лакафарба” (Ліда)

77 вакансій адкрыта на прадпрыемстве. Шукаюць слесараў, наладчыкаў, электраманцёраў, апаратчыкаў, кухонных рабочых. Кухонны рабочы атрымае 809 рублёў, а майстар — 1901 рублёў.

“Смаргонскі агрэгатны завод”

Тут адкрыта 25 вакансій. Патрэбен электраманцёр, слесар-рамонтнік, машыніст крана. Сярэдні заробак – 1200-1500 рублёў. Але токары атрымліваюць па 3000 рублёў.

Значна менш вакансій ёсць на ААТ «Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, ААТ “Малочны мір”, СТАА “Контэ Спа”.

Чаму рабочых не хапае ў Гродне?

Былы прававы інспектар прафзвязу РЭП Леанід Судаленка ўважае за прычыну недахопу працоўных эміграцыю.

Я бачу [прычыны] менавіта ў незадаволенасці тымі ўмовамі працы, якія прапаноўвае беларускі наймальнік. Што ён можа прапанаваць, калі незалежныя прафсаюзы знішчаны, асабліва пасля падзей 2020 года? Тыя прафсаюзы, якія існуюць, — гэта фактычна аддзяленні адміністрацыі Лукашэнкі на гэтых заводах. Акрамя гэтых дзяржаўных прафсаюзаў, яшчэ ідэолагаў там паўводзілі – намеснікаў гэтых дырэктараў, кіраўнікоў прадпрыемства па ідэалогіі. То бок, людзі вельмі зажатыя, і не кожны можа пагадзіцца працаваць у такіх зжатых умовах, – распавёў ён у інтэрв’ю Hrodna.life.

Чытайце таксама: «Што просты „Іваноў“ можа зрабіць адзін?» Разбіраемся з юрыстам, навошта патрэбны прафсаюзы і чаму ў Гродне недахоп працоўных?