Дзве шэрыя вароны – Валя і Валера – прылятаюць на балкон да гродзенкі Ганны Дашчэчкі амаль кожны дзень. Усё з-за таго, што дзяўчына здолела іх прыручыць і цяпер нават падкармлівае з рук каўбасой. На незвычайнае сяброўства звярнула ўвагу Zerkalo.io.
Адрознівае птушак па дзюбах і рыхтуе для іх пачастункі
Усё пачалося з таго, што адна з птушак прыляцела да Ганны на балкон. Дзяўчына паказвала вароне курынае яечка, а тая пільна назірала. “Яна як пад гіпнозам – адкрыла дзюбу і нікуды не злятае. Не баіцца зусім, я ў шоку”, — дзялілася ў сваім TikTok гродзенка.
@kimulechka Валя жадина) #валя_и_валера #funnybirds #приручаюворон ♬ оригинальный звук – kimulechka
Перыядычна да Ганны прыляталі і іншыя вароны, але сяброўства завязалася з двума “пастаяннікамі”. Пасля дзяўчына дала ім імёны – Валя і Валера. Гродзенка адрознівае птушак па памерах і дзюбах. “У Валі меншая дзюба, Валера – буйнейшы і выглядае крыху суровей. А Валя такая дама-мадама», – адзначае дзяўчына.
Да кожнага прылёту птушак Ганна рыхтуе для іх прысмакі: яечную шкарлупіну, сыр, грэцкія гарэхі і нават крывяную каўбасу. Вароны давяраюць дзяўчыне і дзюбаюць ежу прама з яе рук.
Сёлета на балкон да гродзенкі сталі прылятаць і птушаняты Валі і Валеры. Праўда, пакуль яны вядуць сябе больш асцярожна, чым бацькі.
Вароны – не адзінае захапленне гродзенкі
Нягледзячы на тое, што TikTok Ганны прысвечаны варонам, перыядычна ў блогу з’яўляюцца відэа і з іншымі жывёламі. Дзяўчына распавядала, што выратавала маленькага пацука, якога знайшла ў пад’ездзе. Таксама яна здымала гусака, які купаўся ў лужыне. Ганна суправадзіла ролік подпісам “Глядзіце, што за хараство”. Ёсць у гродзенкі і хатнія жывёлы – ёрк і два рудыя каты.



