Па будынку былога адміністрацыйнага корпуса “Гранітэкс”, а зараз рынку “Карона”, пайшла трэшчына. На пашкоджанай сцяне знаходзіцца сграфіта “Песня пра Нёман” – адзін з яскравых прыкладаў савецкага манументальнага мастацтва. Гродзенцы б’юць трывогу – мастацкая работа можа пацярпець. Але ўратаваць яе ўсё яшчэ магчыма.
Трэшчына на сцяне з’явілася некалькі гадоў таму
На праблему звярнуў увагу гродзенец Максім Казлоў. Пра трэшчыну ён распавёў у Facebook-групе «Гродна». Згодна з фотаздымкамі, зробленымі чатыры гады таму, трэшчына на сграфіта была ўжо тады.
Аднак работу ўсё яшчэ можна ўратаваць. Для гэтага спатрэбіцца звычайны адкос з бляхі, дадае Максім.


У чым каштоўнасць “Песні пра Нёман”?
Сграфіта “Песня пра Нёман” і “Зямля Беларуская” стварылі ў 1978 годзе мастак Сяргей Палякоў і архітэктар інстытута “Гроднаграмадзянпраект” Аляксандр Кузняцоў. Работы сталі яскравым прыкладам манументалізму і сацрэалізму.
Па тэме: 7 месцаў Гродна, дзе ўбачыш савецкае манументальнае мастацтва
Сграфіта знаходзіцца на сцяне адміністрацыйнага корпуса «Гранітэксу» (у савецкі час – прадзільна-нітачнае аб’яднанне). Праўда, разгледзець працы сёння не так проста. Як і многія іншыя творы савецкіх дэкаратараў, гэтыя вялізныя выявы закрылі пасаджанымі амаль упрытык дрэвамі.



