23,5% пасажыраў грамадскага транспарту ў Гродне купляюць электронныя талончыкі на праезд у дадатках «Аплаці» і «М-банкінг». Пра гэта намеснік дырэктара Аўтобуснага парка Гродна Сяргей Рышкевіч расказаў тэлеканалу «Гродна Плюс».
Абодва прыкладанні дазваляюць аплаціць праезд з дапамогай сканавання QR-кода ў салоне аўтобуса ці тралейбуса. Каштуе электронны талончык столькі ж, колькі папяровы — 80 капеек. Дзейнічае на адну паездку — да канца маршруту. Паехаць на другі круг з тым жа білетам не атрымаецца. Прадаюцца ў дадатках і праязныя білеты на месяц ці дэкаду.
Калі ўсярэдзіне транспарта знаходзяцца QR-коды для пасажыраў, то звонку — для кантралёраў. Адсканаваўшы яго, яны могуць на час праверкі заблакаваць пакупку талонаў у канкрэтным аўтобусе ці тралейбусе. Так можна не дазволіць купіць электронны талончык тым, хто не аплачвае праезд адразу, а чакае з’яўлення кантралёраў.
Чытайце таксама: Штогод патрэбна 35−40 адзінак. Для Гродна закупляюць новы транспарт